Нядаўна ў краме электронных кніг kniharnia.by з’явіўся зусім не ўласцівы беларускай літаратуры зборнік эратычнай прозы «Дванаццать актаў», у які былі ўключаны творы дванаццаці аўтараў. Ідэя сабраць пад адной вокладкай апавяданні, аб’яднаныя тэмай эротыкі, належыць пісьменнікам Уладзіславу Ахроменка і Сяргею Календзе.
У анатацыі змешчаны надзвычай правакацыйны тэкст:
«Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль пазбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае ў вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?»
Што гэта, асабістая беларуская «Камасутра» ці адаптаваная версія «50-ці адценняў шэрага»?
Адзін са складальнікаў, Уладзіслаў Ахроменка, пракаментаваў кнігу наступным чынам: «Чамусь падумалася: тая ж „Камасутра“ — неад’емная частка індыйскай культуры, дзе пачуццёвасць абсалютна не табуяваная. Дый заходнееўрапейская літаратура ўсмактала тую эротыку, як губка — вільгаць: Бакача, Мапасан, Флабер, Генры Мілер… У беларускай літаратуры заўсёды было шмат узнёслых ідэй, пафаснага патрыятызму і вытанчаных вобразаў, якія гэткімі аблокамі засланялі ўласна цела» (цытата tut.by).
Аўтарамі твораў выступілі: Ева Вежнавец, Уладзімір Някляеў, Пістончык, Алена Брава, Юры Станкевіч, Людміла Рублеўская, Аляксандр І. Бацкель, Макс Шчур, Алесь Аркуш, Югася Каляда, Сяргей Вераціла, Марта Локіс.
Але, няхай кожны складзе сваё меркаванне на гэты конт і вызначыць, ці ёсць месца сэксу і эротыкі ў беларускай літаратуры.
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.