Розавы закат над Берасцем. Як РСП рвалі «Карову»

Разбітае Сэрца Пацана — гурт унікальны. Хлопцы лупяць на трасянцы ўжо больш за дзесяць гадоў, ствараючы свой непаўторны і непадобны да нікога стыль. Так атрымалася, што гурт апошні раз выступаў у нашым горадзе ажно ў 2011 годзе і тады сыграў толькі тры песні. Пасля прыйшлі праваахоўныя органы. Таму канцэрт, які адбыўся ў грыль-бары «Korova» увечары пятніцы быў доўгачаканым для жыхароў Берасця. Як гэта было — глядзіце і чытайце ў нашым рэпартажы.


Канцэрт мусіў пачацца ў 22:00. Ужо да гэтага часу ў бар набілася нямала народу. Здавалася, яшчэ крыху — і «Korova» пачне трашчаць па швах, выціскаючы з сябе наведвальнікаў з бакалам крафтавага піва ў руцэ. Але бар прайшоў выпрабаванне на трываласць і змог змясціць усіх ахвотных.

Гурт пачаў сваё выступленне з песні «Моднік» і адразу ж заразіў публіку сваімі заліхвацкімі напевамі.

Народ паціху падцягваўся да імправізаванай сцэны, бармэны разлівалі наведвальнікам напоі ўсялякага кшталту, а Разбітае Сэрца Пацана зайгралі свой трэці па ліку трэк пад каларытнай назвай «БРСМ», які распавядае пра «нераздзелённую любоў» і крышачку пра адну ўсім вядомую «абшчэственную арганізацыю».

Дзяніс Тарасенка, вакаліст і гітарыст гурта, паміж песнямі пажартаваў наконт людзей за барам, у якіх, мабыць, шмат грошай, каб сядзець за стойкай.

Але калі зайграў хіт пад назвай «Караоке», за сталамі засталіся адзінкі.

Не абыйшлося і без песен з новага альбома «Пасрэдствам срэдств». Так, адну з іх хлопцы прысвяцілі выпускнікам педагагічнага ўніверсітэта. Калі вы сочыце за творчасцю гурта, то, напэўна, здагадаліся, што гэта была «Электрычка».

Адразу ж пасля яе прагучала «Што-та не так». Назва трэка бярэ свой пачатак з нашумелага кінафільма пад кодавай назвай «Авель» («Мы — браты»). Гэтая фраза нарадзіла ў свой час шмат мемаў і пародый, вось і РСП не засталіся ў баку і запісалі кампазіцыю пад гэтай назвай.

Парадавалі хлопцы публіку і новым трэкам, які плануецца запісаць пры дапамозе краудфандынгу. У «Карове» станавілася ўсё гарачэй і гарачэй, а калі РСП зайгралі культавую «Вам, наркаманам», то пачалося нешта неверагоднае.

Пасля гэтай песні гурт аб’явіў невялічкі антракт на 15 хвілін, каб усе перакурылі і набраліся сіл перад завяршаючай часткай канцэрта.

Што адбылося пасля перапынку — не апісаць словамі. Гурт пачаў выконваць свае залатыя хіты, а народ, танчыў так быццам заўтра пачнецца Вялікі пост даўжынёю ў вечнасць.

Акрамя танцаў, людзі яшчэ шчыра падпявалі музыкам не шкадуючы сваёй ротавай поласці. «Не налівай!», «Бэйба-Лэйба», «Палюбіла гапара», песня пра цяжкі лёс размеркавання «Аграгарадок» і самая рамантычная кампазіцыя «Розавы закат» зрабілі сваю справу — людзі шчыра дзякавалі гурту, дэкламуючы на поўную моц «РСП, РСП!».

Але ўсё добрае заўсёды заканчваецца — у нашым выпадку гэта здарылася трохі за поўнач, калі ўсе пачулі радкі «Кагда я п’яны — я культавы, а культавы я всегда…». Гэтую песню (як і шмат іншых) пелі ўсе разам — душэўна, з надрывам, як у апошні раз.

Вечар гэтай пятніцы шмат каму запомніцца, бо Разбітае Сэрца Пацана вывела горад з зімовай спячкі і заразіла сваім настроем частку Берасця. Мы, у сваю чаргу, дзякуем хлопцам за неверагодныя эмоцыі і файны выступ і спадзяемся, што наступны іх прыезд не прыйдзецца чакаць так доўга.

Фотаздымкі — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: