Радуюцца людзі, пляскаюць у далоні. Як Brutto разварушылі Берасце


Спачатку быў Гомель – пасля ўсё для вас:

Зрабіла тут тур ангенства “AllStars”.

Каб людзі пачулі знаёмыя гукі:

І спеў Міхалка, і брутаўскі грукат.


Дык вось у сыботу ў Лядовым палацы

Няшмат было месца на цесным танцпляцы.

Усё пачалося з магутнага інтра,

І вышлі музыкі без словаў ды тытраў.

Запелі адразу, што “Ты — человек”,

Магутная песня і добры куплет.

Пасля энергічна, не крыўдуючы Бога,

Зайгралі пра лёс усіх андэрдогаў.

Далей наша рыфма сышла ў нібыццё,

І прозай цяпер мы раскажам усё. 

Пасля хітовага «Underdog» Brutto зайгралі баевічок з альбома «Родны край» пад назвай «Чёрная сотня». Трэба зазначыць, што акрамя сябе прыгожых, гурт прывёз файны свет і проста шыкоўную відэаінсталяцыю, якая суправаджала кожны трэк калектыва.

Не абыйшлося і без трэкаў часоў Ляпіса Трубяцкога. Першым з такіх быў «Священный огонь», пад які танцпляц вельмі ажывіўся і пачаў больш актыўна варушыцца. А варушыцца трэба было, каб ногі і цела не ператварыліся ў суцэльную ледзяную постаць кшталту Снежнай каралевы.

Brutto дэманстравалі выдатную фізічную форму, выконваючы свае кампазіцыі на адным дыханні, і пры гэтым яшчэ прымудраліся прыгаць і скакаць, як падлеткі на ўроках дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Канцэрт набіраў абароты, гэта было яскрава бачна па людзях, што ўзялі білеты на сектарах, але так і не змаглі сядзець на адным месцы. А калі хлопцы пачалі чытаць свае знакамітыя радкі пра «куфаль з мёдам і родны край», то ўсім стала зразумела, што гурт зайграе свой знакаміты хіт. Менавіта на ім можна было пабачыць нейкае падабенства моша, што вельмі нас парадавала.

Як мы ўжо пісалі, Brutto свае кампазіцыі камбінавала з песнямі ляпісаўскіх часоў, што вельмі радавала людзей, бо ўжывую краіна гэтых песень ніколі не чула. «Танцуй», «Танк», «Матрёшка» – тры песні запар з апошняга альбома Ляпіса Трубяцкога прагучалі, як адзіная кампазіцыя.

Не абыйшлося і без песень на вершы знакамітага беларускага класіка Янкі Купалы: так прагучалі «Будзь смелым» і «Ня быць скотам». Дарэчы, гэта не адзіныя кампазіцыі, словы якіх напісаны паэтамі. Brutto, знаходзячыся ва Украіне, пачалі цеснае супрацоўніцтва з цудоўным украінскім пісьменнікам і паэтам Сяргеем Жаданам. На яго вершы Brutto выканалі тры выдатныя песні «Саботаж», «Середні вікі» і «Рокі».

Добрую частку канцэрта гурт сыграў з духавой секцыяй, што вельмі парадавала фанатаў і прыхільнікаў не толькі Brutto, але і Ляпіса Трубяцкога. У выкананні Brutto можна было пачуць такія неўміручыя хіты, як «Манифест», «Капитал», «Рамонкі» і «Убей раба».

Канцэрт, як і ў Баранавічах, мусіў скончыцца фінальным выкананнем песні «Underdog», але берасцейская публіка не хацела проста так адпускаць свой улюбёны гурт. Яе нават не засмуціла ўключанае святло, таму Brutto вярнуліся яшчэ раз на сцэну, каб зграць вельмі добрую і шчырую песню ў выкананні Лэфта, гітарыста гурта. Гэта, як вы ўжо здагадаліся, была кампазіцыя «Просперо».

Дарэчы, канцэрт працягваўся дзве гадзіны, гурт выканаў больш за 30 песень на адным дыханні. Пасля такога сапраўды пачынаеш разумець выказванне «у здаровым целе – здаровы дух».

Адзінае, што трохі засмуціла, — так гэта гук Лядовага палаца. Канструкцыя гэтага будынка ну аніякімі сродкамі і апаратурай не дазваляе зрабіць гучанне больш-меньш успрымальным для вушэй. Перад канцэртам пра гук Лядовага палаца вельмі шчыра выказаўся фатограф Васілій Брух: «Чтобы понять, какое звучание в Ледовом дворце, достаточно надеть ведро на голову, предварительно засунув туда смартфон. Ну а после включить на нём музыку!».

Ну а мы, у сваю чаргу, спадзяемся, што наступны канцэрт Brutto адбудзецца на новай канцэртнай пляцоўцы, якой вельмі не хапае гораду.

Фотаздымкі — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: