Мітынг на «Дзень Волі — 2017» у Берасці дазволены. Галоўнае

Мітынг на «Дзень Волі — 2017» у Берасці дазволены. Пра гэта паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі партыі БНФ і адзіны заяўнік акцыі Зьміцер Шыманскі. Шэсце і мітынг у цэнтральнай частцы Берасця плануюць 25 сакавіка абласныя структуры партый БНФ, БСДП, АГП, Руху “За Свабоду”, незалежных прафсаюзаў, шэрагу грамадскіх арганізацый і устаноў.


Збор удзельнікаў прызначаны на 12.00 на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Шэсьце пройдзе праспэктам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Заканчэньне мерапрыемства а 15.00.

На мітынгу плануецца абмеркаваць цэлы шэраг набалелых для беларускага грамадства праблем як лакальнага, берасцейскага, дык і агульнарэспубліканскага маштабу.

«Мы будзем патрабаваць неадкладнага вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў і поўнай адмены Дэкрэта №3. Акрамя гэтага, ёсць праблемы з абаронай інтарэсаў жыхароў горада падчас прыняцця рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама, нярэдка меркаванні жыхароў ігнаруюцца. Таксама мы лічым, што грамадства пазбаўлена сёння магчымасці змяніць уладу праз выбары, бо выбары ў нас праходзяць непразрыста, альтэрнатыўныя кандыдаты не маюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Вырашэння гэтых праблем мы будзем патрабаваць ад улады, – паведаміў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Да ўдзелу ў мітынгу запрошаны прадстаўнікі Брэсцкага гарвыканкама, каб выказаць пазіцыю гарадскіх уладаў наконт набалелых праблем як на ўзроўні горада, так і на ўзроўні краіны.

У 99-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі арганізатары берасцейскай акцыі лічаць дарэчным і неабходным правядзенне масавага мерапрыемства, якое б выразна засведчыла адданасць жыхароў горада найвышэйшым каштоўнасцям беларускай дзяржавы – свабодзе і незалежнасці, а таксама імкненне да мірнага вырашэння эканамічных і палітычных праблем шляхам іх адкрытага абмеркавання і сумеснага прыняцця рашэнняў.


Нагадаем, што у гэты ж дзень плануецца сустрэча жыхароў горада са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком, на якой таксама будуць абмяркоўвацца розны шэраг праблемных пытанняў горада. Пачатак а 14.00 ў Палацы культуры Прафсаюзаў.

Крыніцы інфармацыі: SVABODA.ORG, DZEDZICH.ORG

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: