Усё будзе добра. Праз дзесяць гадоў

Дзесяцігоддзе – самы нармалёвы кавалак часу ў Беларусі. Недастатковы, каб падводзіць фундаментальныя вынікі, і досыць вялікі, каб пра гэта не казаць. Дзесяць год як чарнавы варыянт справаздачы жыцця. За гэты перыяд можна вырасці з падлетка да бацькі, адкрыць паспяховы бізнес ці прабыць за кратамі за свае погляды.


У параўнанні з астатнім цывілізаваным светам наша краіна доўгі час развівалася вельмі марудна. Такое развіццё нагадвала марафон з трусамі, у якім Беларусь – слімак. Я з дзяцінства яшчэ памятаю, як нехта са знаёмых бацькоў прыязджаў аднекуль з-за мяжы і з захапленнем распавядаў пра дзверы ў крамах, якія адчыняюцца самі. «Ну і дзіва!» – думалі ўсе навокал і шлі ў бліжэйшую краму поўным сямействам, каб набыць прадукты, якія адпускалі па талонах.

Але гэта было ў дзевяностых. Тады краіна нагадвала маленькае дзіцяці, якое робіць шмат памылак і спрабуе трывала стаяць на нагах. А калі і становіцца, то вельмі павольна ідзе да прызначанай мэты. I вось з цягам часу дэфіцыт у крамах знік, аўтаматычныя дзверы перасталі здзіўляць, а ў Менску нават адкрылі першы падземны гандлёвы цэнтр. Краіна пачала рухацца і кудысьці развівацца.

Фота: fresher.ru

Зараз на двары 2017 год. Эпоха рознага кшталту кавярняў, вулічных тусовак, фалафельных фестываляў і ЗОЖ-культу. Беларусь-2017 – гэта краіна, у якой гатэляў больш, чым турыстаў, хіпстараў – чым металістаў, вадзіцеляў – чым раварыстаў (хоць колькасць апошніх і хутка расце). Добра гэта ці дрэнна — у кожнага сваё меркаванне на гэты конт.

Дзесяць год таму гэтага ўсяго не было. Здаецца, што я жыў у нейкай іншай краіне. Не горшай, не лепшай, а менавіта іншай. Дзе даляр быў па дзве тысячы, самым лепшым клубам краіны быў “Рэактар”, а функцыю Зыбіцкай няблага выконвалі ўніверсам “Цэнтральны” і бар “Маскоўскі”.

Зараз жа на месцы таго “Рэактара” нешта незразумелае, універсам “Цэнтральны” пакрыху губляе сваю веліч і моц, а бар “Маскоўскі” наогул застаўся на старонках гісторыі. Там жа засталося піва “Berg”, прадстаўнікі тэктонікаў і эма, гурты N.R.M ды Ляпіс Трубяцкі. За дзесяць год у краіне адбыліся двое прэзідэнцкіх выбараў, у якіх прынялі ўдзел 15 кандыдатаў, калі мне не змяняе памяць.

Фота: my-travel-diary.by

Прайшло ўсяго дзесяць год, за якія краіна змянілася. Не ў лепшы, не ў горшы бок, а проста стала іншай. Я лічу, что гэта добра. Дзесяць год таму каб, напрыклад, набыць цішотку з “Пагоняй” трэба было ехаць у Менск у сядзібу БНФ. Ці ляпіць трафарэт. Зараз жа крамаў, якія гандлююць рэчамі з нацыянальнай сімволікай, хоць касой касі.

Ці ўзяць тых жа веганаў і аматараў эка-прадукцыі. Яшчэ ў далёкім 2007-м годзе не было аніякіх кавярняў, крамаў з ежай і прадукцыяй для такіх людзей. Зараз жа ў многіх кафэ ці рэстаранах ёсць вегетарыянскае меню, а экалагічныя пральныя парашкі прадаюцца нават у “Пятым элеменце”.

З кожным годам наша жыццё рабілася больш камфортным і зручным. Гэтаму спрыяў тэхнічны прагрэс: з’яўленне смартфонаў ды планшэтаў, паступовая адмова ад жудаснага інтэрнэта (вы памятаеце гэтыя гукі пры падключэнні?), з’яўленне кропак вай-фаю і гэтак далей.

За апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі назіралася шмат паспяховых стартапаў, і дзякуючы ім нашу краіну пачалі пазнаваць у свеце. Менавіта людзі зрабілі так, каб краіна пачала развівацца і набіраць абароты. Нягледзячы на дзесяціразовае павелічэнне кошту даляра і нестабільную эканамічную сітуацыю людзі робяць усё, каб быць шчаслівымі і патрэбнымі сваёй краіне.

Фота: tio.by

На гэтай пазітыўнай ноце так бы і хацелася скончыць свой тэкст, але, на жаль, не атрымаецца. За дзесяць год развівалася ўсё, што можна, але толькі не дзяржава. Эканамічная сітуацыя не стала нашмат лепшай, ніхто з нас не стаў Ракфелерамі. Ды што Ракфелерамі – тыя славутыя #попиццот амаль ніхто ў краіне не бачыць.

Але я спадзяюся, што гэтая сітуацыя толькі дасць яшчэ большы штуршок да развіцця, і ўжо праз наступныя дзесяць год я буду вам пісаць такі тэкст з Макбука, а вы будзеце яго чытаць знаходзячыся дзе-небудзь у Швейцарыі на адпачынку. І будзеце людзям казаць, што вы з Беларусі, а яны будуць вам зайздросціць.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: