Берасцейцы на ўсялякі выпадак просяць перанесці офіс арганізацыі, якая дапамагае ўцекачам

Гаворка ідзе пра праваабарончую арганізацыю Human Constanta, брэсцкі офіс місіі якой месціцца ў жылым комплексе на 500 кватэр. Днямі жыхары ініцыявалі сход, на які запрасілі і прадстаўнікоў арганізацыі — так бы мовіць, распавесці пра сябе, пазнаёміцца.


На сустрэчу прыйшло каля 30 жыхароў. Праваабаронцу Аляксея Казлюка моцна ўразіла тое, што яму давялося выслухаць.

«У нас дзеці маленькія, а тут гэтыя нярускія з торбамі. Самі разумееце, якая сітуацыя ў краіне».

«Мы не супраць, каб ім дапамагалі, але, можа, вы будзеце гэта рабіць там, дзе менш людзей?»

«Яны, калі дождж, стаяць таксі чакаюць на нашым ганку. Людзі баяцца. А яшчэ з дзецьмі, дык іх з ганку не пагоніш, шкада. Так што лепш вы з’язджайце».

«Так-так, у іх жа дзеці, можа, у іншым месцы будзе зручней хадзіць па дапамогу, бліжэй да вакзала».

«Вы па-добраму давайце з’язджайце. Здаецца, нічога супрацьзаконнага не робіце, але мы як пачнём пісаць скаргі! Вам жа гэта не трэба».

Дарэчы, офіс арганізацыі мае асобны ўваход, прычым не з двара, а з вонкавага боку дома. Адкрылі яго тут тры месяцы таму.

«Не, інцыдэнтаў не было, ніхто пакуль нічога дрэннага не зрабіў, але мы працуем на прафілактыку».

«Ходзяць да вас на кансультацыі, а ў туалет куды потым? Ведаем, пад агароджу ходзяць. Мы, канечне, не бачылі і вас не вінавацім, але нельга гэта так пакідаць!»

«А калі ў яго адзёр? Вы можаце паручыцца, што яны нічога дрэннага не зробяць? Дзеці іх баяцца».

Аднак пакуль што арганізацыя пераязджаць не збіраецца. Тым больш, што гэта адна з задач місіі Human Constanta — змяняць мысленне беларусаў адносна мігрантаў.

«Канечне, прыкра, што ў людзей такое ўспрыняцце іншых, непадобных да сябе, гэтакая непрыхаваная ксенафобія, — кажа Аляксей. — Разам з тым, гэта можна зразумець, бо мы ведаем, у якім грамадстве жывём. Надзвычайная беларуская талерантнасць насамрэч фікцыя. Людзі такія ж, як і паўсюль. Яны баяцца незразумелага, а ў Беларусі незразумелага шмат. Людзі не прывыклі да таго, што побач шмат замежнікаў.

Мы бачым вялікае поле для таго, каб працаваць з людзьмі, размаўляць пра тое, што насамрэч важна. У гэтай сітуацыі важна якраз разуменне нялёгкай долі ўцекачоў. Разуменне таго, ад чаго яны бягуць і што ім сапраўды патрэбная дапамога. І яшчэ таго, што яны не ўяўляюць большай небяспекі, чым любы іншы жыхар Брэста».

Аляксей заўважае, што людзі, якія так шчыра кажуць пра свае перажыванні, папросту не асэнсоўваюць, як падобна ўсё гэта да «побытавага расізму». І што гэтыя выказванні могуць кагосьці абразіць.

«Для людзей гэта натуральна. Відавочна, што праз недахоп адукацыі ў гэтай сферы. Мова нянавісці ў беларускім грамадстве дастаткова звыклая і многія не адрозніваюць яе ад прымальнай дыскусіі. З гэтым трэба працаваць, і мы не збіраемся кідаць усё так і з’язджаць. Я ўсё ж такі веру ў нашых людзей», — кажа Аляксей і спадзяецца, што канфлікт удасца вырашыць і пераязджаць не давядзецца.

Аляксей дадае, што найперш на сустрэчы ён хацеў высветліць, ці былі рэальныя здарэнні з уцекачамі, на якія трэба звярнуць увагу. Аднак ніхто нічога не ўзгадаў. Выходзіць, размова ідзе не пра рэальную пагрозу, а пра пэўныя забабоны, мяркуе юрыст.

«У галаве людзей усё зблыталася: і «людзі неславянскай знешнасці з сумкамі», і «пагрозы тэрактаў», і «выкраданне дзяцей», — тлумачыць юрыст і адзначае, што не апошнюю ролю ў гэтым успрыманні адыгрывае карцінка, якую транслюе тэлебачанне. — Гэты наратыў патрабуе вельмі сур’ёзнай працы і стварэння контрнаратыву. Канечне, цяжка змагацца з машынай тэлебачання, дзе амаль усіх уцекачоў паказваюць як патэнцыйную пагрозу.

Калі ж спытацца ў міліцыі, ці ёсць выпадкі правапарушэнняў, злачынстваў з боку тых жа чачэнскіх уцекачоў, якія дастаткова працяглы час знаходзяцца ў Брэсце, вам адкажуць, што яны здараюцца не часцей, чым з беларусамі. Таму з гэтым стэрэатыпам трэба працаваць, у гэта павінны ўключацца і школа, і дзяржаўныя органы, і грамадскія арганізацыі».

Цяпер праца праваабарончай ініцыятывы па дапамозе ўцекачам заключаецца ў асноўным у бясплатных кансультацыях. Праваабаронцы тлумачаць беларускае заканадаўства, дапамагаюць атрымаць мігрантам прытулак у Польшчы. У офісе прымаюць людзей па папярэднім запісе.

Крыніца інфармацыі: NN.BY

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: