Містычна. Аўтэнтычна. З гумарам. Канцэрт Re1ikt у Брэсце

Re1ikt называюць адным з галоўных гітарных гуртоў Беларусі. Аднак іх стыль распасціраецца значна шырэй і ўключае ў сябе беларускі песенны фальклор разам з актуальнымі рок-напрамкамі і нават металам. Бінокль” наведаў брэсцкі “гіг” Re1ikt’а і паразмаўляў з заснавальнікам гурта.


Слухачы збіраліся павольна. Апошнім часам пра тое, каб зала напоўнілася, турбуешся не менш за музыкантаў. Канцэрты ў Брэсце рэгулярна наведвае толькі вузкае кола людзей. Аднак такая тэндэнцыя, кажа Аляксандр Дземідзенка, заснавальнік і бубнач Re1ikt’a, назіраецца ва ўсёй Беларусі.

«На нашым сольным канцэрце можа быць за паўтысячы, а можа быць дзесяць чалавек. І гэта нармальна. Хаця ёсць такія слухачы, якія на ўсе нашы канцэрты ходзяць. Мне ўжо самому не хочацца прыходзіць, а яны прыходзяць (пасміхаецца – прым.рэд.)

Такія мерапрыемствы добра, варта і карысна наведваць, бо тут можна сваю свядомасць упарадкаваць. У жыцці шмат хаосу, і ён нас разбурае. А, калі людзі збіраюцца і слухаюць жывую музыку,  гэтыя гукавыя хвалі, дынаміка ўціску, які нашы вушы прымаюць, – гэта ўсё карысна ўплывае і на ментальнае, і на фізічнае здароўе».

 
 
 

Пакуль мы размаўляем з Аляксандрам, фонам гучаць Chris Isaak і Johnny Cash – гэта распяваецца вакаліст гурта Ўладзімір Казлоў. Наколькі разнастайны густ музыкаў, настолькі разнастайная і музыка, якую ствараюць яны самі. Тут і акустычнае, і больш цяжкае ўвасабленне, рок, метал, эксперыментальная і псіхадэлічная музыка. У Брэст Re1ikt прывёз акустычную праграму, у склад якой увайшлі песні з двух мінулых альбомаў – “Куфар” і “Лекавыя травы”,  і больш старыя кампазіцыі.

“Мы маем тэхнічныя аднаўленні ў гурце – расказвае Аляксандр.

Апаратура, вельмі сучасная і прагрэсіўная, мы яе зараз “абкатваем”. Для гурта гэта новы падыход у канцэртным гуке.

Зараз мы выкарыстоўваем толькі стэрэа – вакал і гітара гучаць у стэрэа. Такога, наколькі я ведаю, ніхто тут пакуль не робіць.

 
 
 

Наша галоўная мэта — ствараць са звыклых інструментаў (гітара, барабаны, бас, вакал) нешта новае. Тое, што робім мы, – па-за рамкамі звычайнага гуку, і мы гэтыя рамкі хочам яшчэ больш пашырыць”.

У гэты раз у Брэст Re1ikt прыехаў у няпоўным складзе – не хапала басіста Дзмітрыя Наркевіча, які адсутнічаў па прычыне хваробы. Таму на сцэне, акрамя Аляксандра і Дзмітрыя, быў яшчэ толькі гітарыст Віталь Макшун. Аднак сказаць, што чагосьці невыносна бракавала, нельга. Гук быў чысты, прафесійны і па-добраму незвычайны.

 
 
 

Можа банальна сказана, але музыка Re1ikt захапляе з першай секунды. Сэт пачаўся з гукаў дзіўнай трубкі, якая адразу перанесла ў нейкі аддалены закуток Беларусі і задала тон усяму вечару. Тыя, хто рашыўся адправіцца з музыкамі ў гэтае падарожжа, знаходзілі сябе то пад “Дробненькім дожджыкам”, то на Палессі, куды ляцяць жураўлі, то нават на стадыёне, спяваючы гімн футбольнага клуба Крумкачы “Разам”.

 
 
 
 

Паміж песнямі музыканты перажартоўваліся то адзін з адным, то з публікай. “Хітрае” напісанне сваёй назвы, напрыклад, жартаўліва патлумачылі тым, што яно павінна адпавядаць гурту, які грае “інтэлектуальны рок”.

 
 
 

Падарожжа ў Беларусь, якой у нас, пакалення Z, ніколі не было, завяршылася песняй «Ой, рана на Івана». У цёмным памяшканні гарэлі толькі ліхтарыкі на тэлефонах слухачоў. А гурт іграў завяршальныя акорды цудоўнага містычнага вечара.


У Брэст гурт прыязджае некалькі раз на год. Аляксандр запэўнівае нас, што горад “рэліктаўцам” вельмі падабаецца.

“Наш першы канцэрт у Бярэсці адбыўся ў клубе “Матрыца” гадоў дзесяць таму. З таго часу і дагэтуль, калі прыязджаем, намагаемся знайсці хаця б паўгадзінкі, каб выпіць кавы на вуліцы і пахадзіць па горадзе.

Берасце – вельмі прыгожы горад, і ён нас вельмі натхняе

Зараз гурт, па словах Аляксандра, пачынае жыць самым цікавым адрэзкам часу – напісаннем новага матэрыялу і стварэннем новых стандартаў гучання.

“Тыя вынікі, якія зараз у нас атрымліваюцца, мяне нават крышачку пужаюць — настолькі мне гэта падабаецца.

Я вам магу абяцаць, што наступны альбом, гэта будзе нешта найцікавейшае. Звычайна я такога не кажу.

Мы плануем, што гэты альбом выйдзе ў 2018-ым годзе – дадае Аляксандр Дземідзенка”.

Фатаграфіі – Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: