Заробак, зарплата, палучка. Шматразовы працэс атрымання сродкаў (у большасці выпадкаў грашовых) дзеля існавання чалавека як разумнай істоты. Самы моцны наркотык, які забірае твой розум, моц ды лепшыя годы жыцця. Наркотык рэдкі, таму злавіць кайф можна толькі раз на месяц. Тыя, каму пашанцавала, могуць атрымаць палову “дазняку” ў выглядзе авансу.
Сваю першую дозу заробку я атрымаў у дзяцінстве. Кожнае лета я праводзіў у бабулі і хадзіў у лес па грыбы і ягады. Рабіў я гэта не дзеля слоікаў у каморцы, а толькі дзеля грошай. Натуральны прадукт ператвараўся ў грашовы эквівалент. Так я паступова пачынаў разумець, што такое капіталістычныя адносіны, так я атрымаў свой першы прыход.
Але час ішоў, над вуснамі пачынаў квітнець пух, а спявачка Максім спрабавала мяне знерваваць пытаннем у выглядзе песні “Знаешь ли ты?”. У сваю чаргу я ведаў адно: мне не хапае заробку. Тых кропель, якія атрымоўваліся пасля разгрузкі фуры гарбузоў, хапала толькі на адзін вечар. Мімалётны кайф, пасля якога прыходзіў сам спадар “отходняк”. Яно і зразумела: з кожным разам цела прасіла болей і заробку ўжо не хапала. Патрэбна была зарплата, ці, як кажуць у маім горадзе, – Палучка.
Першымі стабільнымі грашыма для мяне апынулася стыпендыя. Гэта не зарплата, але ж 50 баксаў прылятала на картку стабільна кожны месяц. Кайфу хапала, як мінімум на некалькі дзён і нават на тыдзень. Але эканамічная сітуацыя ў краіне змянялася не ў лепшы бок: добрую зарплату станавілася знайсці цяжэй, таму я падаўся ў знакаміты рэстаран хуткага харчавання. Менавіта з яго пачалося маё сур’ёзнае знаёмства з рэчывам пад назвай зарплата.
Падсеў я на яе, сябры, так канкрэтна. На мяне нават завялі дакумент чырвонага колеру пад назвай “Працоўная кніжка”, у якой афіцыйна было адзначана, што я цяпер заробказалежны (ці палучказалежны, варыянтаў шмат). Са мной працавала досыць людзей, у тым ліку і залежных са стажам. Былі нават бабулькі на пенсіі, якім не хапала ў жыцці эйфарыі. Мне ж тады толькі споўнілася 20 гадоў.
Зараз мне 27 і я ўжо сёмы год з’яўляюся афіцыйным палучказалежным чалавекам. Два разы на месяц я атрымоўваю сваю порцыю папяровага (а з 1 ліпеня 2016 і металічнага) кайфу, якога хапае мне тыдні на два. Пасля, калі ўжо зусім ламае, я карыстаюся крэдытнай карткай. Кайф у крэдыт, як гэта метафарычна.
Але кайф ужо не той, якім ён быў у дзяцінстве, ды й сам працэс ужывання прыносіць ня столькі радасць, колькі пачуццё нейкага дэжавю з водарам Дня сурка. Праз сем гадоў нарэшце прыйшло адчуванне, што зарплата – гэта не наркотык, а проста фэйкавая таблетка з эфектам плацэба, якая раз на месяц прыносіць шчасце ў кожную хату.
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.