У абарону Белавежскай пушчы мабілізуюць усё насельніцтва Польшчы

У той час, калі беларускай частцы Белавежскай пушчы яшчэ на год падоўжылі дзейнасць міжнароднага сертыфіката па экалагічным кіраванні, на польскай палове адбываецца бязлітасная барацьба за дрэвы. Экаактывісты і мясцовыя жыхары ўжо некалькі дзён дзяжураць у лесе і не даюць лесасекам секчы. Карэспандэнт Зялёнага партала звязаўся з адным з іх, каб даведацца пра падрабязнасці канфлікту.


«Пушчу высякаюць даўно», — сцвярджае актывістка і просіць не называць яе імя. Суразмоўца заяўляе, што ўся справа ў дазволе, які выдаў міністр прыроды Ян Шышко на высечку на плошчы велізарных маштабаў і ў месцах вельмі каштоўных.

«Па сутнасці, ён праігнараваў польскае заканадаўства, заканадаўства Еўразвяза і тое, што гэтая тэрыторыя — спадчына ЮНЕСКА», — кажа яна.

Вядома, новая хваля выклікала абурэнне як у экалагічных арганізацый, так і ў звычайных грамадзян. Па словах актывісткі, ужо адбылося некалькі блакад. Адна з іх была на самым пачатку пратэстаў — 24 мая, калі людзі блакавалі тэхніку, ствараючы сядзячыя перашкоды і прыкоўваючы сябе ланцугамі. На дзень удалося прапыніць высечку, але, відавочна, што такі пратэст быў не асабліва эфектыўны.

Таму 1 чэрвеня актывісты абвясцілі аб усепольскай мабілізацыі ў абарону Белавежскай пушчы. Людзі сталі выкарыстоўваць больш радыкальныя метады барацьбы, напрыклад трайподы — вялікія трыножнікі, дзе зверху можа зафіксавацца актывіст, трубы, у якіх два чалавека змацоўваюць свае рукі. Апошняя спроба такім чынам перашкодзіць лесасекам адбылася ў мінулы чацвер, 8 чэрвеня. Аднак увечары на месца прыехалі спецаддзяленні міліцыі па антытэрору і пачалі жорстка разганяць дэманстрантаў. Двух чалавек затрымалі.

«Вызваляць людзей з трайподаў вельмі небяспечна, можна нанесці сур’ёзныя фізічныя пашкоджанні, тым больш калі гэта робіцца з прымяненнем фізічнай сілы, — кажа дзяўчына. — Чаму дэманстранты ідуць на радыкальныя крокі? Справа ў тым, што высечкі абгрунтоўваюцца пашкоджаннем дрэваў караедам. У той жа час у пушчу не пускаюць вучоных, якія маглі б праверыць гэты факт. Пратэстанты наўмысна спыняюць працы, каб даць магчымасць агледзіць дрэвы».

Актывісты сцвярджаюць, што дрэвы высякаюць спецыяльна для продажу. У тым, што высечка не мае нічога агульнага з барацьбой супраць караеда, упэўнены і Георгій Казулька, кандыдат біялагічных навук, эксперт па FSC-сертыфікацыі, каардынатар грамадскай кампаніі па абароне Белавежскай пушчы, былы намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце нацыянальнага парка:

«Гэта ўсяго толькі нагода, каб ляснікі маглі ўзяць драўніну. Справа ў тым, што размнажэнне караеда пачалося не ў бягучым годзе і нават не летась, а нашмат раней. Патрабуюцца спецыяльныя тэхналогіі, каб нейтралізаваць шкоднікаў у зародку, у пачатку масавага распаўсюджання. Момант быў упушчаны, і працэс спыніць ужо немагчыма. Далей можа справіцца толькі прырода: з павелічэннем колькасці караедаў — павялічваецца колькасць драпежнікаў і паразітаў, якія паступова знішчаюць шкодніка», — зазначае ён.

Тое, што адбываецца зараз, наадварот, спрыяе распаўсюджанню караеда. Георгій характарызуе сітуацыю як узаемавыгадную для леснікоў, што могуць высякаць дрэвы, і адначасова для караедаў, якім створаны спрыяльныя ўмовы для распаўсюджання.

«На жаль, у свой час даводзілася назіраць падобную антынавуковую дзейнасць з боку нашай адміністрацыі і ляснікоў», — узгадвае ён.

Адначасова з пратэстамі арганізоўваюцца разнастайныя маршы і шпацыры па Белавежскай пушчы. Хаця з пачаткам акцый уваход у лес закрылі, абгрунтоўваючы небяспечнасцю тэрыторыі, дзе праводзяцца працы.

«У людзей, якія “асмельваліся” прыходзіць, перапісвалі дадзеныя, маладым бацькам, што прыходзілі з дзецьмі, пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Відавочна, што такім чынам стараюцца запужаць людзей, — адзначае актывістка. — Але, тым не менш, палякі мабілізуюцца. Акрамя “Greenpeace” тут сабраліся шмат іншых арганізацый, мясцовыя жыхары, анархісты, створаны лагер. Акцыі салідарнасці праводзяцца ў разнастайных гарадах Польшчы».

Адзначым, што Польшча ўжо атрымала заўвагу ад Еўрапейскай камісіі.

«Белавежская пушча — гэта адзіны прыродны комплекс, дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Польшчай — усяго толькі ўмоўная лінія, якая паддзяляе яго. І недарэмна эксперты ЮНЕСКА ўнеслі пушчу ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. Гэта сведчыць пра ўнікальнасць дадзенай экасістэмы.

Белавежская пушча, бадай, адзінае месца, дзе засталіся рэшткі першабытных лясоў, і ў гэтым яе каштоўнасць. Менавіта таму гаспадарчую дзейнасць варта весці на іншых тэрыторыях. А пушчу трэбп пакінуць у спакоі нашым нашчадкам», — падкрэслівае Георгій Казулька.

Зараз у сувязі з выхаднымі высечку спынілі. Але што будзе адбывацца ў панядзелак, не ведае ніхто.

Крыніца інфармацыі: Зялёны партал

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: