Дзень незалежнасці – яскравы прыклад залежнасці, якая нагадвае алкагольную. Падрыхтоўка да яго – гэта паступовы ўваход у запой. Парад – кульмінацыя сюру і фантасмагорыі. Дзяржава як стандартны алкаголік: прапіўшы свае грошы, бярэ свята на вексель ці проста скрадае грошы ў блізкіх людзей. У нашым выпадку – падаткаплацельшчыкаў.
3 ліпеня паважаючы сябе беларус не выйдзе на вуліцу: грае інстынкт самазахавання. Калі дзяржава знаходзіцца ў самай небяспечнай стадыі залежнасці, лепш заставацца дома. Спакуса выбрацца ў цэнтр горада вялікая. У апошні дзень свайго запою дзяржава шчодрая і частуе ўсіх. Танныя шашлыкі, гарэлка, чырвона-зялёныя сцягі, бонсцікі для маленькіх, Саладуха для дарослых. Свята, за якое сорамна, але трэба плаціць.
Пасля надыходзіць 4 ліпеня – Дзень незалежнасці ЗША і Дзень пахмелля дзяржавы. З самага ранку камунальныя службы прыбіраюць сляды вялікага запою, дзяржаўныя працаўнікі здымаюць з адзёжы чырвона-зялёныя стужкі. Дзяржава паступова вяртаецца да цвярозага жыцця. Але ўсе ведаюць, што не бывае былых алкаголікаў, таму гэты запой незалежнасці працягваецца ўжо 20 гадоў. Цяжкае захворванне, якое проста так не вылечыць.
Калі нам пакуль немагчыма цалкам вярнуць дзяржаву ў цвярозы стан, то трэба паспрабаваць змяніць напой. Ваенная тэхніка, працаўнікі фабрык і заводаў, якія прыходзяць на парад пад прымусам, безгустоўныя канцэрты і занадта дарагія салюты – гэта, у першую чаргу, танная гарэлка. Змяняць яе трэба на добры каньяк, віскі альбо кальвадос. Тады можна будзе пабачыць фуд-корты, майстар-класы ад вулічных мастакоў, тэатральныя выступы, а замест салюту – канцэрт Kasabian ці Dropkick Murphys.
І калі дзяржава цалкам зразумее, што алкагалізм трэба лячыць, а не замяшчаць больш якасным алкаголем, тады можна змяняць цалкам фармат Дня незалежнасці. Зрабіць яго 27 ліпеня, як гэта было да 1996 году. Хай гэта будзе ціхае і спакойнае свята без аркестру і пафасу. Ад масштабаў святочнага ляманту наша незалежнасць не стане больш відавочнай. Маленькай краіне дастаткова сваёй маленькай і крафтавай незалежнасці.
Фота: Наша Ніва, Сяргей Гудзілін
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.