Вакаліст “Бітлз”, Джон Ленан, акрамя музыкі займаўся жывапісам. Музыкі з гурта “Пінк Флойд” таксама бавіліся гэтай справай паміж рок-турамі. Беларускія музыкі не горшыя за замежных: паспяваюць і спяваць, і кісцю вадзіць. Сустракайце, першая выстава карцін беларускіх музыкаў прыехала ў Берасце.
“Музыка без межаў” – супольная ініцыятыва музыкаў, прадзюсара Еўрарадыё Віталя Зыблюка, Віталя Супрановіча (БМА) и Аляксея Лукашэвіча. Праект – гэта кунсткамера жывапісных палотнаў, спроба паказаць з другога боку знакамітых беларускіх музыкаў.
Бинокль” ведае мінімум пяць прычынаў заглянуць на выставу.
Касмічная серыя бубнача гурта “Re1ikt”. Музыка можа не толькі адбіваць рытмы, але і фіксаваць сэнсы. Аляксандр Дземідзенка “наклацаў” серыю касмічных малюнкаў у тэхніцы цыфравога малявання. Аўтара натхніла навуковая фантастыка. Наглядзеўшыся серыялаў, мастак стварыў графічныя карэкатуры. Фіялетавы і памяранцавы колеры амаль што захапілі іншаланетныя палотны. Музыка параўнаў сваю творчасць з “куфарам з падвойным дном”: шмат сэнсаў знойдзеш у ім.
Легенда “Тры каты, палац, Алег і лозунг”. Лідар гурта “Палац” падрыхтаваў графічны квэст для ўважлівых. Назва падказвае, што, акрамя глыбокага сэнсу, трэба шукаць на малюнку. Па задуме аўтара, таму, хто знойдзе ўсе рэчы, будзе шчасце. Алег Хаменка не мае мастацкай адукацыі. Гэта палатно пачаў рабіць пад “палацаўскі” альбом “The Best”. Рэцэпт легенды такі: пер’я, туш, аловак, усе заправіць лозунгам. Аўтар прапанаваў узброіць вочы перад жывапіснай вандроўкай. Трэба разглядаць палатно пад лупай, бо “на ім намешана ўсё”. Толькі самаму ўважліваму воку адкрыюцца ўсе таямніцы палацу.
“Турнік” вачыма Ігара Варашкевіча. Вакаліст гурта “Крама”, прафесійны мастак, прызнаўся: “Вырашыў паказаць свой іншы бок. У кожнага чалавека ёсць светлы бок, а ёсць цёмны. Музыка – светлы, а вось жывапіс…”. Сапраўды, іранічныя графічныя замалёўка з жыцця пацанчыка на турніке чапляе вока непрыкрытасцю, камічнасцю і праўдзівасцю.
Вокладка альбому гурта “Зніч”. Вакаліст Алесь Таболіч аддаў на выставу сваю юнацкую працу. Дваццаць гадоў таму ў мінскім клубе гурт прэзентаваў альбом “Язычнік я”. Вокладку да яго намаляваў сам музыка. Таму гэта не проста палатно, а дзіцяці музыкі і жывапісу, ілюстрацыя да фальклорных песняў. А таксама нагода паслухаць стары добры “Зніч”, панастальгіраваць па ранняй творчасці.
Карціны Юрыя Стыльскага. Улюбёнца Берасця, лідэра гурта “Дай дорогу” не можа не зацаніць кожны прыстойны берасцеец. Маштабны жывапіс фронтмэна займае амаль што паўсяцяны. Хто ведае, мабыць Юрый адлюстраваў губы каханай жанчыны ў фармаце такім жа вялікім, як i яго каханее да яе. А магчыма прыцягальная незнаёмка не дае музыке спаць па начах?
Выстава адкрылася ў выставачнай зале гатэля “Эрмітаж” (вул. Чкалава, 7). Гасціць у Берасці яна будзе два тыдні – па 15 ліпеня.
Куратар выставы Віталь Зыблюк прэзентаваў праэкт перад берасцейцамі, а потым слова засталося за музыкамі.
На адкрыцці выступілі Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, а таксама гурт Re1ikt.
Фота аўтара
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.