Бінокль даведаўся ў бацькоў, ці лёгка аддаць дзіця ў беларускамоўны клас, і спытаў ў галоўнага адваката беларускай мовы Ігара Случака, на што чалавеку можна разлічваць у гэтай сітуацыі.
У Брэсце на сённяшні дзень дзейнічае адзін беларускамоўны клас у 29-й школе. Адміністрацыя горада не бачыць асаблівай праблемы ў беларускамоўным навучанні. Прыходзіш, пішаш заяву, дзе пазначаеш, на якой мове жадае вучыцца дзіця. Калі жадаючыя набіраюцца, то фарміруецца клас. Але на самой справе за навучанне на мове трэба пазмагацца.
Як рэалізуецца раўнапраўе моў у беларускай сістэме адукацыі? Ці лёгка знайсці для дзіцяці беларускамоўны клас? Мы знайшлі адказ на гэта пытанне ў жыхароў горада і атрымалі кансультацыю ў вопытнага юрыста.
Мілана Харытонава, журналіст. Дачка размаўляе на беларускай мове, вучыцца ў рускім класе.
Пошукам садка мы з сямʼёй заняліся за год да таго, як трапіць туды. Да гэтага стаялі ў агульнай чарзе. І вось, калі ў аддзеле адукацыі мы заявілі, што хочам беларускую адукацыю, тут і пачаліся праблемы. Нам казалі, што месцаў няма, трэба ісці куды пашлюць. Адправілі ў адзін садок, сказалі, што ён з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы. Туды з мужам мы вырашылі схадзіць да загадчыцы самі. Размаўлялі з ёй на рускай мове, каб нічога не западозрыла.У размове пытаемся: “У вас тут кажуць, паглыбленае вывучэнне беларускай мовы?”
А яна нам: “Ой, не хвалюйцеся, няма ў нас ніякай беларускай мовы”. Вось так беларускія садкі існуюць на паперы. Потым мы яшчэ доўга хадзілі па кабінетах. У аддзеле адукацыі сустракаліся з Рагачуком, тады ён кіраваў маскоўскай адміністрацыяй. Пачулі толькі прыгожыя словы, ніякай рэальнай падтрымкі не было.
Праблема была ў тым, што чыноўнікі проста пераклалі сваю працу на бацькоў. То бок, самі шукайце садок, выхавацеляў, дзяцей у групу, а мы вам, так і быць, дазволім, калі набярэцца не менш за 5 чалавек. Пры гэтым ніякай інфармацыі ў садках не распаўсюджваецца. Бацькі проста не ведаюць, што магчыма стварэнне такой групы: ні ў садку, ні ў адміністрацыі пра гэта няма інфармацыі.
Такім чынам, некаторыя з дзяцей, што адгукнуліся, не падышлі па ўзросце, і асобную групу ствараць не сталі. Але ў садку, куды мы аддавалі дачку, адна з выхавацелек добра валодала беларускай мовай і без праблем з ёй размаўляла. Яшчэ ў іх раз на тыдзень быў «Дзень беларускай мовы». Гэта было сумнае відовішча: дачка скардзілася, што выхавацелька ўсё адно часта пераходзіць на расейскую – выхавацелька скардзілася, што дзеці зусім дрэнна разумеюць беларускую.
Замкнёнае кола. Я дoўгі час перажывала, думала, што я замала прыклала намаганняў, што трэба было не 100, а 1000 абвестак расклеіць па раёне. Потым вырашыла: чаму я, акрамя сваёй працы, мушу яшчэ і выконваць працу чыноўнікаў, у той час, як яны паціскаюць плячыма і не робяць нічога? Чаму я ўвогуле мушу змагацца? Я не хачу змагацца, я хачу проста прыйсці, напісаць заяву і аддаць дзіцё ў садок ці школу побач з домам. Калі б я не задумвалася пра навучанне па-беларуску, усё так і было б.
Пры паступленні ў школу дзейнічае такі ж прынцып, што і ў садку. Недастаткова проста прыйсці і напісаць заяву, пазначыўшы, што жадаеш атрымаць адукацыю па-беларуску. Чыноўнікі ад адукацыі заяўляюць, што для стварэння класу трэба сабраць не менш за 5 чалавек, пры гэтым самі шукаць людзей яны не збіраюцца. У нашым выпадку проста не пашанцавала знайсці людзей. Былі дзеці знаёмых і некалькі званкоў ад незнаёмых людзей, але ўсе дзеці былі малодшага ўзросту. Кіраўніцтва школы, як і чыноўнікі, не спрыяюць гэтаму пошуку. Для іх беларускія класы – галаўны боль.
Вучыцца ў рускамоўным класе не складана. Мы выдатна ведаем рускую і шмат дзе на ёй размаўляем. Дачка з дзяцінства шмат дзе бывае з намі: і на працы, і ў расейскамоўным асяроддзі таксама. Так што тут складанасцяў не было. Адзінае, што першы час цяжкавата ёй было чытаць – вельмі раздражнялі яе гэтыя «что», «кого» і г.д. Але за першы год прывыкла і аднолькава чытае цяпер і па-беларуску, і па-руску.
Гэтага, на жаль, не магу сказаць пра большасць яе аднакласнікаў. Пасля гэтых фэйкавых заняткаў беларускай мовы ў садку, што адбываюцца толькі на паперы, дзеці вывучаюць беларускую як замежную. Настаўніцам часта прасцей перакласці ўсё, што не зразумела на рускую мову, чым спрабаваць змяніць гэтую сітуацыю.
Першая настаўніца спрабавала першы час з нашай дачкой вітацца па-беларуску, на гэтым намаганні школы беларусізавацца скончыліся. Дачка прыняла правілы гульні – у школе ўсё па-руску. Бывае, што творчыя працы можна зрабіць па-беларуску, але гэта здараецца рэдка. Часцей здараюцца перакосы, напрыклад, памятаю, настаўніца пакрэмзала дачцэ ў дзённіку падпісаныя па-беларуску месяцы, пры чым сам дзённік надрукаваны беларускамоўным. Аргументавала тым, што навучанне па-руску, значыць і надпісы мусяць быць на рускай, а то раптам праверка. Ці слова «сшытак» закрэслівалі на сшытках па матэматыцы, а зверху выводзілі «тетрадь». Не тое, каб гэтыя дробязі заміналі вучыцца, але гэткая дурасць злуе.
Вядома, што беларускія класы не ўтвараюцца, як рускія. Мне нават цікава, калі б расейскамоўныя бацькі былі пастаўленыя ва ўмовы сучасных беларускамоўных, то колькі б у нас было тых рускіх класаў? А што тычыцца метаду распаўсюджвання беларускіх класаў, ён толькі адзін: зрабіць класы ў добрых школах, з добрымі настаўнікамі і ўмовамі навучання. Набіраць туды дзяцей штогод і не ставіць бацькам умоў і квэстаў. І гэтыя класы будуць існаваць і напаўняцца дзецьмі. Праз некалькі год усе будуць запоўненыя, вось пабачыце.
Уладзімір Вялічкін, праваабаронца. Сын навучаецца ў беларускамоўным класе
Каб трапіць у беларускамоўны клас – патрэбна ініцыятыва ад саміх бацькоў. Па Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, якія маюць роўныя правы. То бок ніякіх праблем, каб аддаць дзіця ў беларускамоўны клас не павінна быць. Але на самой справе не ўсё так добра. Праблемы штучна ствараюцца кіраўніцтвам школ і аддзеламі адукацыі. Чалавека пазбаўляюць выбару ў момант запаўнення заявы ў школе: усе бланкі на рускай мове. Сярэднестатыстычны бацька не вельмі задумваецца над мовай адукацыі свайго дзіцяці. Ён запоўніў заяву і пабег далей вырашаць свае справы. Калі б чалавеку далі два бланка на розных мовах, то ён бы задумаўся. Тады ў яго б з’явіўся выбар. На сённяшні дзень яго няма.
Яшчэ адна праблема, з якой сустракаюцца бацькі – рэплікі дырэктароў, што ў іх рускамоўная школа. Ці, што не набіраецца дастатковая колькасць жадаючых навучацца на беларускай мове. Таму для таго, каб аддаць дзіця ў беларускамоўны клас, трэба яшчэ выбраць добрую школу з выдатнымі педагогамі. Нам з гэтым спачатку не пашанцавала.
Мы паслухалі водгукі людзей аб школе, замест таго, каб выбраць яе самім. У выніку першыя чатыры класы наш сын правучыўся ў не самай лепшай школе Брэста. Аб гэтым кажа той факт, што да чацвёртага класа ў паралелі стала на адзін клас меньш. Таму, як толькі наша дзіця скончыла пачатковую школу, мы пачалі шукаць новую. Ей стала школа № 29. Там працуюць добрыя настаўнікі, і мы цалкам задаволеныя імі. Спачатку ў класе навучалася пяць чалавек, цяпер – чатыры. Бацькі забіраюць дзяцей з класа па простай прычыне: далёка ездзіць у школу. Таму беларускамоўныя класы патрэбны як ў Маскоўскім, так і ў Ленінскім раёне Брэста.
У класе, дзе вучыцца наш сын, увагі значна больш, чым у звычайным. У настаўніка больш часу на адного вучня. Гэта плюс для дзяцей. Настаўніку ж значна цяжэй, бо чым меньш у класе дзетак, тым сур’ёзней падрыхтоўка да ўрока. Класны кіраўнік сына – вопытны педагог. За яе плячыма – беларускамоўны выпуск. Усе яе вучні выдатна ўладкаваліся па жыцці і добра зарабляюць.
Адзін з распаўсюджаных міфаў, з якім сустракаюцца бацькі – адсутнасць падручнікаў. Хачу запэўніць, што іх хапае. Адзінае, могуць узнікнуць перабоі з пастаўкай падручнікаў, калі бацькі позна напісалі заяву ў школе. Падручнікі ёсць, і іх абавязкова выдадуць.
Я хачу сказаць, што мясцовыя ўлады падтрымліваюць беларусізацыю і беларускамоўныя класы. Калі ў некаторых школах нам давалі адпор, то адміністрацыя Маскоўскага раёна шла нам на дапамогу. Я лічу, што дзяцей трэба аддаваць у беларускамоўныя класы. Калі ты ведаеш мову, то тады не ўзнікне праблем падчас размовы з палякамі ці ўкраінцамі. У беларускай мове шмат словаў з карнямі еўрапейскіх моў. Гэта дапамагае з палёгкай засвойваць, напрыклад, нямецкую мову: дах, шлях, гандаль, рыхтык – словы, якія ёсць у нямецкай і ў нашай мовах. Чым больш моў ведае дзіця, тым больш яно інтэлектуальна развіта.
З тым, каб аддаць дзіця ў беларускамоўны клас – праблем няма. Прыходзьце, пішыце заяву. Не набралі клас ў адной школе, набяруць з дзесяці. Узнікаюць праблемы – можаце тэлефанаваць мне ці жонцы. Мы з задавальненнем падзелімся сваім вопытам. Усё упіраецца ў чалавека – не патрэбна здавацца раней часу. Выбар мовы навучання – за бацькамі.
Ігар Случак, юрыст
Пункт 2.9 часткі 2 артыкула 2 Кодэкса аб адукацыі, што прыйшоў на змену Закона “Аб адукацыі” ў 2010 г. дэкларуе, што адным з асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў. Фармальна грамадзянам Беларусі забяспечана права атрымліваць адукацыю на беларускай мове. Вось, як гэта прапісана ў Канстытуцыі (арт. 50): “Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання”.
Разам з тым, парадак выбару мовы выхавання і навучання рагламентуецца ў Кодэксе аб адукацыі. Згодна з арт. 90 Кодэкса аб адукацыі, асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Беларусі з’яўляюцца дзяржаўныя мовы краіны. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Беларусі. Але ёсць агаворка: мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікамі ўстановы з улікам пажадання бацькоў. Пры гэтым Міністэрства адукацыі зыходзіць з таго, што беларускамоўныя школы і класы адкрываюцца па заявах бацькоў, але рашэнне аб адкрыцці ці закрыцці школ і класаў прымаюцца мясцовымі выканкамамі.
То бок, заява ад бацькоў яшчэ не гарантуе, што дзіцё зможа навучацца на беларускай мове. Каб адкрыць беларускамоўную школу, таксама патрэбныя заявы. Але яе адкрыццё залежыць і ад планаў мясцовых уладаў: калі ёсць план пабудаваць у пэўным раёне школу і будзе вырашацца пытанне аб мове навучання, то будзе ўлічвацца тое, наколькі школа будзе запоўнена.
Таму людзям, што сапраўды зацікаўлены ў атрыманні адукацыі па-беларуску, варта актыўна задзейнічаць усе магчымыя законныя магчымасці для здабыцця свайго канстытуцыйнага права на адукацыю па-беларуску і спынення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце ў адукацыі. Небходна пісаць заявы аб адкрыцці беларускамоўных груп, класаў, школ. Звяртацца ў міністэрствы, і не толькі адукацыі і культуры, для вырашэння гэтага пытання. Ставіць пытанне аб парушэнні сваіх правоў на мову перад пракуратурай і судамі, падаваць грамадзянскія іскі супраць школ і іншых навучальных устаноў, што не забяспечваюць магчымасць атрымоўваць адукацыю па-беларуску.
Трэба памятаць аб тым, што Канстытуцыя не прадугледжвае злучніка “або” у моўным артыкуле, у ім ёсць толькі злучнік “і”, што кажа аб тым, што кожная ўстанова адукацыі павінна забяспечваць навучанне і па-беларуску, і па-руску.
Cітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй у Беларусі можна вызначыць, як катастрафічную. Напрыклад, у Гомелі (другім па колькасці насельніцтва ў краіне), згодна з інфармацыяй Гомельскага гарвыканкама, па стане на 2014/2015 н.г. працуюць толькі 3 беларускамоўныя класы на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа».
Што ж тычыцца ўстаноў сярэдня-спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі, то ў г. Гомелі няма ніводнай вышэйназванай установы (і нават групы), дзе б працэс навучання ажыццяўляўся б цалкам на беларускай мове. Гэта дае падставы гаварыць пра небяспеку знікнення беларускай мовы з актыўнага ўжытку, паколькі нізкі працэнт школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, вядзе да змяншэння колькасці асобаў, якія валодаюць натуральным маўленнем і адпаведна карыстаюцца ёю ў побыце. Акрамя таго, з гэтага ж вынікае і тое, што значна змяншаецца колькасць асобаў, якія будуць здольныя займацца вывучэннем моўных працэсаў на прафесійным узроўні.
Важным фактарам, які ўплывае на выбар бацькамі мовы навучання і выхавання для сваіх дзяцей, з’яўляецца адсутнасць пераемнасці беларускамоўнай адукацыі. Іншымі словамі, нават скончыўшы беларускамоўную школу (ці беларускамоўны клас), будучы абітурыент проста не будзе мець магчымасці працягнуць навучанне на беларускай мове ў сярэдня-спецыяльнай ці вышэйшай навучальнай установе.
Нават расійскія даследчыкі (як напрыклад кандыдат філалагічных навук Коряков Ю.Б. у сваёй дысертацыі “Языковая ситуация в Белоруссии”) адзначаюць, што бацькі ў Беларусі не жадаюць аддаваць сваіх дзяцей навучацца ў беларускамоўныя школы (класы), бо фактычна адсутнічае магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.
У іншых краінах, дзе ёсць двухмоўе, — Швейцарыя, Бельгія, Фінляндыя, Ірландыя, Канада — той, хто звяртаецца ў дзяржаўныя органы, лічыцца слабым бокам і ў камунікацыі ён абірае мову. І вядома, адукацыю таксама ёсць магчымасць атрымаць на роднай мове.
У нас жа абсалютна дзікая сітуацыя. Кажуць, маўляў, беларусы не хочуць размаўляць па-беларуску. А чаму ім па-руску хочацца? Таму што законы – па-руску, абслугоўванне – па-руску, этыкеткі – па-руску, навучанне, у першую чаргу, ўніверсітэты – па-руску.
Магчымым выйсцем з’яўляецца асобны набор абітурыентаў у студэнцкія групы з рознымі мовамі навучання. У сённяшняй сітуацыі пры паступленні ў ВНУ і пры навучанні ў іх, абітурыент і студэнт з’яўляюцца “слабымі бакамі” праваадносін. Яны не могуць выбіраць дзяржаўную мову, на якой у іх павінны прымацца залікі і іспыты, чытацца ім лекцыі і весціся семінары. Неабходна стварыць умовы не толькі для рускамоўнага навучання ў ВНУ, але і для беларускамоўнага і англамоўнага. Асабліва ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук, дзе не існуе добрараспрацаванай рускамоўнай навуковай тэрміналогіі і навуковай літаратуры (у спісах Web of Science і SCOPUS рускамоўных выданняў вельмі мала, і калі арыентавацца на іх, то ў Беларусі перапыніцца працэс падрыхтоўкі якасных навуковых і педагагічных кадраў).
Я сам навучаўся ў беларускамоўнай школе, усё выкладанне было толькі па-беларуску. Але калі я прыйшоў у тэхнікум пасля беларускамоўнай школы, то не разумеў тэрмінаў, таму што па-беларуску яны гучалі зусім інакш. Мне давялося зноў перавучвацца на рускую мову. Хіба я хацеў па-руску вучыцца? Але ў мяне не было ніякага выбару. І ў іншых беларускамоўных няма выбару. Падчас навучання ва ўніверсітэце па-беларуску за ўвесь час навучання чыталася толькі 4 курсы, а іх усіх каля 70 было. Толькі курсы “Судовая статыстыка”, “Правы чалавека”, “Беларусазнаўства” і “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” я меў магчымасць слухаць па-беларуску, усё астатняе – па-руску. Але я гэтага таксама не жадаў, то бок падчас атрымання сярэдня-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі я быў дыскрымінаваны па моўнай прыкмеце.
Таму, паўтаруся, неабходны асобны набор дашкольнікаў, школьнікаў і абітурыентаў у групы з рознымі мовамі навучання. Дашкольнікі, школьнікі, навучэнцы і студэнты павінны мець магчымасць выбіраць дзяржаўную мову, на якой у іх павінны прымацца залікі і іспыты, чытацца лекцыі і весціся ўрокі і семінары.
Фота — з архіваў герояў, belsat.eu
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.