«Рок за жыццё». У Берасці адбыўся канцэрт беларускіх гуртоў

«Рок за жыццё». Як гэта было?


Беларусь адзіная краіна ў Еўропе, дзе дзейнічае смяротнае пакаранне. Актывісты, праваабаронцы і проста неабыякавыя да праблемы людзі не сядзяць склаўшы рукі. Дарэчы, у парламенце з’явілася ініцыятыўная група людзей, якая «прасоўвае» дакумент аб мараторыі на смяротнае пакаранне. З нагоды Сусветнай нядзелі барацьбы супраць гэтага віду прысуду ў Берасце выступіла пяць знакамітых гуртоў.

Восень пачала радаваць берасцеўцаў канцэртамі – у горадзе пачаўся сезон. NABR, Dzieciuki, а зараз фестываль “Рок за жыццё” – яскравы таму прыклад. Гадзіннік прабіў 18:00, а каля тэатра танца “Фантазія” сабралася колькасць людзей, за якую не сорамна перад музыкамі. Публіка, а менавіта яе колькасць на берасцейскіх канцэртах, — Ахілесава пята для горада. Але не ў гэты раз. На ўваходзе нават утварылася чарга. Дарэчы, “Фантазія” – месца свабоднае ад усялякіх сэк’юрыці на сур’ёзных пысках. Зайшоў, паказаў квіток – you are welcome.

У холе канцэртнай пляцоўкі можна было набыць мерч улюбёнай каманды, ці задарма атрымаць цішотку з надпісам “Скажы не смяротнаму пакаранню”. Зала ўразіла сваім святлом. Адразу бачна, што арганізатары пастараліся і зрабілі тое святло, якое горад заслугоўвае. Першым на сцэну выйшаў менскі гурт Haina. Склад калектыву незвычайны для трошачкі рэтраградскай беларускай рок-суполкі – барабаны, акардэон ды віяланчэль.

Вельмі смачна і сакавіта – так можна ахарактарызаваць музыку гурта. Сусветна вядомыя калектывы даўно даказалі, што для драйву гітары неабавязковыя. Гэты досвед павольна даходзіць і да нашых мясцін. У Расеі ёсць The Hatters, у палякаў – Hanba, а у нас – Haina. У гурта ёсць будучыня, галоўнае – прадзірацца да таўстаскурых слухачоў. Што датычыцца публікі, то яна хоць і не танчыла, але шчыра суправаджала гурт апладысментамі. Першымі выступаць цяжка, але калектыў справіўся з гэтай задачай.

У перапынку паміж гуртамі ўсе ахвотныя маглі падсілкавацца ў стыхійным міні-кафэ пад каларытнай назвай “Пэрсік”. Столікі стаялі на вуліцы, таму шмат хто з прысутных саграваўся народнымі сродкамі. Людзей станавілася ўсё больш, а ад іх каларыту здавалася, што за “Фантазіяй” стаіць “DeLorian DMC-12” з “Назад у будучыню”. Тут табе і панкі з іракезамі, і металісты ў цішотках “Dimmu Borgir” і хіпстары з чолачкамі.

 
 
 
 
 
 

Другімі на сцэну выйшлі прадстаўнікі беларускага року нулявых – гурт BN. Калектыў з Бярозы вырашыў адразу калі не спаліць, то моцна падагрэць змёрзлую публіку. Пачалі з “Жыве рок-н-рол” – песні, якая ў свой час стала гімнам пубертатнай моладзі. Гурт выкладваўся на ўсе сто адсоткаў, а вось публіка ў лепшым выпадку на пяцьдзесят.

 
 
 
 
 

Толькі панкі з левага флангу ўстроілі гарачы слэм і штурхалі адзін аднаго што ёсць моцы. Гэта заўважыў вакаліст перад выкананнем апошняй песні. Ці то людзям стала сорамна, ці то “Канюшня” – стоадсоткавы хіт, але танцпляц нарэшце стаў адзіным цэлым. BN адыгралі моцна, драйвова. Самы час сказаць ім дзякуй за нашу беларускамоўную маладосць.

 
 
 
 
 

Наступнымі музычны марафон падхапілі Akute. Лагічная змена, бо бубначка гурта Vicky Fates грала разам з BN. Akute, як звычайна, пачалі з баевічка “Усё павернецца” з апошняй сваёй плыткі “Пластыка”. Казаць шмат пра гурт не хочацца з той нагоды, што гэта адзін з улюбёных калектываў аўтара і ён можа захлынуцца ў эпітэтах.

 
 
 

І хоць шмат хто крытыкуе гурт за тэксты, але Akute робяць модную музыку на непапулярнай (на жаль) беларускай мове. Akute згралі свой сэт якасна і гучна, завяршыўшы яго пранікнёнай “Калі я б застаўся з табой”.

 
 
 
 
 
 

Градус на танцпляцы і ў страўніках некаторых гледачоў рос у геаметрычнай прагрэсіі. Дарэчы, прагрэсія – менавіта тое слова, якое добра характарызуе гурт Relikt. Беларускія “Dream Theater” – сказаў ні то ў жарт, ні то ў праўду наш фатограф. Relikt – бадай, самы інтэлектуальны ў музычным плане беларускi гурт. Тут табе і пост-метал, і фольк, і прагрэсіўныя дж-дж (Тосін Абасі, прывітанне).

 
 
 
 
 
 

Асобна хочацца вылучыць харызму вакаліста, які сваімі паводзінамі і вакалам ўводзіў слухачоў у транс. Хлопцы камбінавалі свой трэк-ліст павольнымі і бадзёрымі кампазіцыямі. Так прагучалі афіцыйны гімн футбольнай каманды “Крумкачы” “Разам” і народная “Velytaj”.

Апагеем не толькі выступлення гурта, але і ўсяго вечара стала выкананне дванаццаціхвіліннай “Рана на Івана”. Апісаць магію кампазіцыі немагчыма – трэба слухаць і адчуваць. Калі б Джым Джармуш прыехаў здымаць другую частку свайго “Мерцвяка” на Палессе, то “Рана на Івана” стала б галоўным трэкам кінастужкі. Relikt – няма словаў.

 
 
 
 
 

Але навошта мы пішам пра гэтыя гурты, калі амаль усё прыйшлі на мясцовых рок-герояў Дай Дарогу. Калектыў з’явіўся на сцэне як сапраўдны хэдлайнер: святла стала болей, загучала інтрыгуючае інтра – і вось хлопцы зайгралі адну з апошніх сваіх кампазіцый “Увольте”. Што тварылася падчас выступлення на танцпляцы, не перадаць словамі. Здаецца, Юра Стыльскі мог проста граць на гітары – публіка цудоўна спраўлялася з функцыяй вакаліста.

 
 
 
 
 
 

“Ну что, покажем, что такое брестский серкл-пит?” — запытвае Юра перад “Прыгай в коляску” у публікі. Яна адказвае станоўчымі воклічамі, і пачынаецца маштабны карагод, з якога не ўсе выходзяць цэлымі. Дай Дарогу гралі гучна, з двума гітарыстамі, а апошнюю “По синему” спявалі ўсім натоўпам. Гурт у горадзе любяць, і гэта вельмі адчуваецца. Выступ Дай Дарогу стаў лагічнай рысай завяршэння вечару.

 
 
 
 
 
 

Вельмі добра, што горад пачаў прачынацца ад канцэртнага летаргічнага сну. За доўгі час у Берасці адбыўся зборны канцэрт не ноўнэйм-выканаўцаў і кавер-бэндаў, а моцных прадстаўнікоў беларускай сцэны. Канцэрт незвычайны, а з канкрэтнай мэтай – паказаць, што смяротнае пакаранне – не ёсць добра. Спадзяемся, што ў наступны год музыкі прыедуць святкаваць адмену смяротнага пакарання, а публіка будзе больш жвава адгукацца на калектывы.

 
 
 
 
 

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: