Нарэшце выйшла чацвёртая кружэлка ад, бадай, галоўных рамантыкаў беларускай музычнай сцэны. Гурт Akute на «Першаку» прэзентаваў свой новы альбом, у якім на першы план выйшла «смяротная лірыка». «Першапачаткова наш стыль называўся «дыска-дэкаданс», а цяпер мы яго яшчэ ўдакладнілі назвай «смерць-рок», — кажа Рома Жыхараў, бас-гітарыст і бэк-вакаліст гурта.
Ад сябе можам дадаць, што феномен Akute у тым, што яны робяць сапраўды якасную музыку з вельмі праніклівай лірыкай. І калі ўжо закранаць музычныя стылі і рамкі, то Akute — гэта той пост-панк, які патрэбны краіне. Пакуль англамоўныя гурты з жудасным акцэнтам спрабуюць капіраваць культавых Joy Division з Bauhaus, трыа з Магілёва робяць свой унікальны прадукт на роднай мове.
А паслухаць ужывую новы альбом музыкаў можна будзе ўжо 12 лістапада. Канцэрт адбудзецца ў City Club, квіткі коштам па 10 р. даступныя ў краме музычных інструментаў Green Star, ГЦ «Нікольскі» пав. 236а, а таксама праз інтэрнэт. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Zolki Band, падрабязнасці ў сустрэчы.