13 снежня а 17:40 у Брэсце ў кінатэатры “Беларусь” (вул. Савецкая, 62) у рамках праекта «Беларускія ўікэнды» адбудзеццапрэм’ера фільма «Жонка наглядчыка заапарка» у беларускай агучцы. У фільме прадстаўлена рэальная гісторыя адважнага подзвігу наглядчыкаў Варшаўскага заапарка Яна і Антаніны Жабінскіх, якія далі прытулак і захавалі жыццё больш як 300 габрэям у годы Халакосту.
Пасля Другой Cусветнай вайны Жабінскія атрымалі званне праведнікаў народаў свету. Штодзённы подзвіг галоўных герояў, трагізм лёсу ахвяраў вайны, злачынствы нацыстаў – усё гэта з майстэрствам пераплецена ў фільме 2017 года рэжысёра Нікі Каро. У галоўных ролях: намінант на прэмію «Оскар» Джэсіка Чэстэйн (зорка фільмаў «Інтэрстэллар» і «Марсіанін») і Даніэль Бруль («Капітан Амерыка», «Гудбай Ленін», «Бясслаўныя вырадкі»).
На беларускую мову фільм агучаны ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і кампаніі velcom.
У гэты ж дзень перад кінапаказам Генеральнае консульства РП у Брэсце ў кінатэатры “Беларусь” прадставіць фотавыставу «Самарыцяне з Маркавай». Выстава прысвечана праведнікам народаў свету Вікторыі і Юзэфу Ульмамз польскай вёскі Маркава. Яны ўкрывалі 2 габрэйскія сям’і, за што нямецкія нацысты расстралялі Юзэфа, яго цяжарную жонку, іх 6 дзяцей і 8 габрэяў, якіх яны хацелі выратаваць.