Займальная гісторыя ад Алеся Дзянісава. Вакаліст гурта Dzieciuki выступіў у Берасці

Гісторыя Беларусі для большасці жыхароў краіны абмяжоўваецца экзаменам у дзевятым класе і вывучаным першым білетам “пра краманьёнцаў”. Далей гісторыя краіны ў нашым жыцці з’яўляецца ў выглядзе артыкулаў, навін і дакументальных фільмаў. Прычынаў млявага стаўлення да гісторыі шмат. З іх можна зрабіць выбухны ёрш, і яшчэ застанецца на апахмел. Тут і падручнікі, абмежаваныя дзяржаўнай ідэалогіяй, і настаўнікі, якія вымушаны працаваць па нязручных праграмах, і г.д. Алесь Дзянісаў, вакаліст гурта Dzieciuki, у нядзелю даказаў, што гісторыя Беларусі можа быць цікавай.


“Кароткая гісторыя Беларусі” – так называецца сольны альбом музыкі на вершы скідзельскага паэта Алеся Чобата – чалавека са складаным лесам. У 12 гадоў яго скалечыў бацька на адно вока. У 2009 годзе ў паэта здарылася гематома, якая прывяла да кровазліцця ў вока. Пасля было восем аперацый, апошняя з каторых прывяла да поўнай страты зроку.

Паэт жыве ў Скідзелі ў бацькоўскай хаце, і амаль адзінай яго апорай з’яўляецца знакамітая беларуская літаратарка Данута Бічэль. Тое, што свет не без добрых людзей, даказала краудфандынгавая кампанія на Талацэ. Яна сабрала 1195 рублеў. Без пафасу і тэлешоў таксама дапамагае пісьменніку Святлана Алексіевіч, якая штомесяц адпраўляе яму 100 рублёў са сваёй Нобелеўскай прэміі.

Алесь Чобат – паэт, які страціў зрок, але не страціў пачуцце гумару. Пераканацца ў гэтым прыйшло плюс/мінус 20 чалавек: сярэдняя колькасць звычайнага школьнага класу. Здаецца, больш было не патрэбна: у Чайным доміку былі ўсе свае, невыпадковых “зяленых чалавечкаў” заўважана не было.

Алесь Дзянісаў – гісторык па адукацыі і вольналюбца па жыцці – стаў выдатным рэтранслятарам вершаў паэта. Маючы за плячыма дзесяцігадовы настаўніцкі і дваццацігадовы панкаўскі стаж, яму было што сказаць публіцы. Дарэчы, мяне заўжды прыемна здзіўляў шлях гарадзенскага панку. Што Кальян, што Deviation хоць і мелі анархісцкія і DIY карані, але ў музыцы і тэкстах гуртоў заўжды прасочвалася нешта нацыянальнае.

Against All Authorities – гэта добра, але гісторыю і мову не трэба ігнараваць. За сваё каханне да іх Dzieciuki не раз паддаваліся крытыцы з боку абмежаваных леварадыкалаў. Але ні Алесь Дзянісаў, ні Алесь Чобат не з’яўляюцца тымі славутымі змаграмі пад лозунгам “Бог. Радзіма. Воля”. Толькі крытычнае стаўленне і самаіронія. Без гэтых дзвух складнікаў не можа існаваць незалежны народ.

Крытыка, напрыклад, была чутна ў песні “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі”. Хто не ведае: гэта апошні кароль Рэчы Паспалітай. Я пагаджуся са словамі Алеся Дзянісава, які сказаў, што гэты чалавек проста жыў не ў свой час. Для яго лепш падышло б XVI стагоддзе, дзе развіццё культуры, кнігадрукарства і вось гэтае ўсё. Але і нельга не адзначыць словы паэта, які досыць хлестка выказаўся пра гістарычную істоту: “Ды беларус адзін сапраўдны толькі можа Рэч Паспалітую на тры канцы раздаць”. Усе так і было, тут нават і не паспрачаешся.

Дарэчы гістарычным асобам на альбоме прысвечана шмат месца. “Няшмат было на свеце светлых дзён, да Польшчы так і не даехаў ён”, – спявае Алесь пра Адама Міцкевіча – паэта, якога не могуць падзяліць паміж сабой палякі з беларусамі. Даволі камічная жыццёвая сітуацыя: з’яўляючыся польскім паэтам, Адам Міцкевіч так ніколі і не пабываў на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

А вось Станіслаў Булак-Балаховіч у Польшчы пакінуў свой след. Супярэчлівая постаць, якая з’явілася менавіта ў свой час і на сваім месцы. Яго вельмі любяць нацыяналісты і хэйцяць аматары анархічных ідэй, але амаль ніхто не падыходзіць да постаці крытычна. Булак-Балаховіч дзейнічаў у ваенны час, калі паняцці нормы і маралі адыходзілі на іншы план. Таму казаць пра добрых і злых постацях можна толькі ў дзіцячым садку, не болей.

Тое самае тычыцца і Другой сусветнай вайны. Што сярод партызанаў, што сярод лясных братоў былі свае героі і пачвары. Таму ў наш час трэба аднолькава засцерагацца як свядомых нацыяналістаў, так і “любителей Северо-Западного края”.

Алесь Дзянісаў спяваў і пра Браніслава Тарашкевіча – чалавека, які стварыў першую граматыку беларускай мовы. Сквозь спевы таксама распавеў, што было б з Максімам Багдановічам, калі б ён не памёр ад сухоты. Адказ: з большай упэўненасцю, што паэта растралялі б у 1937 годзе, абвінаваціўшы ў нацдэмаўшчыне.

Увесь альбом “Кароткая гісторыя Беларусі” – гэта спроба асэнсаваць нашае багатае мінулае праз паэзію. Канешне, тут грае ролю лакальнасць, і Гародня ў пасляваеннай частцы плыткі ўсплывае ледзь не ў кожнай кампазіцыі. Але гэта дае свой плюс, бо які горад, як ні Гародня, можа называцца сапраўдным беларускім?

Выступ Алеся Дзянісава выйшаў свойскім, з сяброўскай атмасферай. Атрымаўся не проста канцэрт, а свайго рода цікавая лекцыя па тых старонках гісторыі, што скрываюць падручнікі, тэлебачанне і дзяржаўная ідэалогія. Калі б у Беларусі стварылі “Arzamas”, то Алесь Дзянісаў са сваёй музычнай праграмай стаў бы адным з галоўных лектараў часопіса. Зараз музыка рыхтуе новы сольны альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча.  А мы спадзяемся, што на яго прэзентацыю прыйдзе не цэлы клас, а ўжо ўся паралель.

Фота: Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: