24 траўня ў Прасторы КХ пачала дзейнічаць фотавыстава «Што нас аб’ядноўвае?». Калі вам не ўдалося пабываць на адкрыцці — прапануем паглядзець наш фотарэпартаж.
Фотавыстава была падрыхтавана праваабарончай беларускай арганізацыяй Human Constanta. У цэнтры праекта — тэма міграцыі, талерантнасці і гуманістычных каштоўнасцяў. Выстава мае на мэце прыцягнуць увагу гледачоў на мясцовую міграцыйную абстаноўку і вярнуць чалавечы твар вобразу ўцекачоў, які дамінуе ў грамадстве, паглядзеўшы на сітуацыю з агульначалавечага ракурсу
Экспазіцыя прадстаўляе творчасць фатографаў Сяргея Лескеця і Аксаны Юшко. На фатаздымках — людзі, быт і традыцыі двух народаў: беларускага і чачэнскага.
Работы вядомага беларускага фатографа з Маладзечна Сяргея Лескеця дэманструюць сучасную беларускую правінцыю: вёскі, аграгарадкі i мястэчкі. Усе партрэты, сюжэтныя замалёўкі з серыі «AGRO» і выбраныя на выставу здымкі, зробленыя для медыя, — тая самая аўтэнтычная, традыцыйная частка нашага грамадства.
Аксана Юшко — расійская фатографка, якая доўгі час працавала ў Чачні i ў Грозным. Вынікам дзевяцігадовай працы стаў калектыўны дакументальны праект — «Грозны: Дзевяць гарадоў». На выставе былі адабраны фота пра сям’ю, быт i нейкія традыцыі чачэнскага народу. «Мы пабудавалі гэту выставу i вырашылі паразважаць. Спалучэнне двух супольнасцяў. Так, нашы народы адрозніваюцца ў культурным i рэлігійным плане, але агульныя чалавечыя каштоўнасці аб’ядноўваюць усіх нас», — тлумачыць Аляксей, куратар выставы.
Працягнецца выстава па 10 чэрвеня: пятнiца — нядзеля — 15:00-19:00.
Адрас: Прастора КХ (вул. Халтурына, 2/1). Уваход вольны.
Фота — Раман Чмель.
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.