Краўдфандынг па-беларуску: 5 важных праектаў, якія ты мусіш падтрымаць ужо сёння

Кішэнны дапаможнік па абароне моўных правоў, акцыя свабоды і друкаваны часопіс беларускай прозы. Мы вырашылі зазірнуць на галоўныя краўдфандынг-пляцоўкі і пазнаёміць цябе з 5 самымі цікавымі культурніцкімі праектамі, якім патрэбна твая падтрымка.


 Кішэнны дапаможнік “Абаронім мову”

Аліна Нагорная разам з моўным інспектарам Ігарам Случаком збіраюць грошы на выданне кнігі, якая дапаможа абараніць правы беларуса. Дапаможнік будзе змяшчаць у сабе парады і інструкцыі, вытрымкі з заканадаўства і прыклады зваротаў, якія дапамогуць пашырыць уплыў беларускай мовы ў краіне. З такім выданнем можна не крыўдзіцца на абразлівае «разговаривайте со мной на человеческом языке», а пуляць у твар заканадаўчымі актамі быццам панчлайнамі.

Для плённай абароны моўных правоў беларуса кампаніі трэба сабраць 2000 BYN. Грошы пойдуць на выдавецтва дапаможніка і яго прэзентацыю. Калі ты лічыш, што разважані ў фэйсбуку пра сучасны стан мовы – тупіковы варыянт, — спяшайся: да завяршэння праекта засталося два дні.

На глыток свежага паветра

Мастак Руслан Вашкевіч працягвае здзіўляць сваім новым праектам з першых радкоў яго апісання. «Ты калі-небудзь шчыпаў за дупу амапаўца? А грудзьмі на амбразуру — была справа? Скокаў з воданапорнай вежы? Спальваў масты? Тады наперад». Кампанія разлічана на парушэнне навязаных сацыяльных настроек.

Алгарытм удзелу просты. «One ruble — one rebel», — заяўляе мастак. Кожнаму, хто паўдзельнічае ў праекце адным рублём, будзе выслана інструкцыя — адраснае кіраўніцтва да дзеяння. Па задумцы аўтара, бунтарскі праект будзе складацца з пяці этапаў:

  • Перавесці 1 рубель.
  • Атрымаць персанальную інструкцыю на пошту.
  • Здзейсніць свой акт свабоды (згодна з атрыманай інструкцыяй).
  • Задакументаваць і выслаць аўтарам вынікі.
  • У выніку павінна атрымацца публічная дэкларацыя свабоды ў прасторы.

Калі ты жадаеш даведацца, колькі адсоткаў свабоды пляскаецца ў тваім целе, — ёсць яшчэ 40 дзён, каб пра гэта даведацца.

Культурніцкая прастора «Даліна Анёлаў»

Сталіцы мазырскага Палесся патрэбна месца, дзе творчыя людзі маглі б сябе рэалізоўваць. З’яўленне культурніцкай прасторы дапамагло б вырашыць праблему з канцэртамі, выставамі ды майстар-класамі. Арганізатарам кампаніі патрэбна 10000 BYN для стварэння канцэртнай залі, фудкорта, крамы і саду.

Будынак для размяшчэння пляцоўкі ёсць. Гэта былы манастыр ордэна цыстэрцыянаў XVIII стагоддзя. За больш чым трохсотгадовую гісторыю тут была праваслаўная царква, запалкавая, а пасля — мэблевая фабрыка. У гэтых сценах нават былi тэлеграф і нямецкая гаспадарчая група падчас Другой сусветнай вайны. Арганізатары вырашылі аддзяліць рэлігійныя будынкі ад астатніх забудоў-наследнікаў сацыялістычнага перыяда. Таму касцёл і кляштар застаюцца вернікам, а астатнія будынкі мяркуецца пераўтварыць у квартал творчых людзей. Да фіналу кампаніі застаўся 21 дзён і больш за палову вызначанай сумы.

Часопіс «Мінкульт»

На іншай краўдфандынг-пляцоўцы поўным ходам ідзе збор на друкаваны часопіс беларускай прозы. Не спяшайся моршчыць нос ад паху нафталіну і жоўтых лістоў школьнага падручніка па літаратуры. «Мінкульт» — свежы глаток без цэнзуры і літаратурных штампаў, якія доўгі час ставілі крыж на беларускай прозе.

Чытача чакаюць 200 старонак адборнай беларускай прозы, задавальнення, інтэлектуальнай оргіі і простага кахання для душы. Калі ты не верыш, то вось табе крышачку прозвішч для затраўкі: Акудовіч, Бахарэвіч, Марціновіч, Глобус, Шчур. Прозу гэтых аўтараў ты зможаш пабачыць ужо ў першым нумары. А цяпер пераходзь па спасылцы і паспрыяй развіццю беларускай літаратуры. Аўтарам праекту трэба 2250 BYN, а табе — 36 дзён, каб перачысліць грошы.

Кніга «(Не)расстраляныя»

Сяргей Будкін з «TuzinFM» працягвае адкрываць беларусам вочы на жахі 20-30 гадоў XX стагоддзя. «(Не)расстраляныя» — працяг праекту, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры. На 300 старонках кнігі змешчаны 18 лёсаў, 100 твораў, каля 100 фотаздымкаў і музычны CD-дадатак.

Над выданнем працуюць знаныя даследчыкі літаратуры і культуры Беларусі, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту. Праекту неабходна сабраць 22000 BYN да 18 лістапада. На дадзены момант зроблена два прома-роліка, 12 персанальных старонак у Facebook, 12 маўклівых кніг і канцэрт-прэзэнтацыя праекту.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: