У студзені на сайце petitions.by з’явілася петыцыя за беларускамоўны аўтавакзал у Брэсце. Крыху раней ініцыятыўная група пачала збіраць офлайн подпісы за тое, каб новы элемент інфраструктуры быў цалкам беларускамоўным: ад шыльд і стэндаў да агучвання прыбыцця і адпраўлення аўтобусаў. У рэшце рэшт зварот быў адпраўлены ў аблвыканкам, а ўчора ініцыятыўная група даведалася, што беларускай мове быць на новым аўтавакзале. Але не паўсюдна, — паведамляе dzedzich.org
Учора ў офісе АРР «Дзедзіч» ініцыятыўная група па зборы подпісаў сустрэлася з кіраўніцтвам аблаўтатранса і аўтавакзала. Мікалай Радзюк, начальнік Брэсцкага аўтавакзала, распавёў, што інфармацыйныя стэнды і шыльды будуць аформленыя на беларускай мове з перакладам на ангельскую. Беларускамоўнай будзе таксама галоўная шыльда «аўтавакзал».
А вось наконт агучвання станоўчага рашэння пакуль не прынята:
– Мы былі аднымі з першых у краіне, хто пачаў агучваць інфармацыю аб прыбыцці і адпраўленні аўтобусаў на беларускай мове. Гэта было каля 15 гадоў таму. Але частка пасажыраў пачала звяртацца са скаргамі і просьбамі перакладаць агучку на расейскую мову. Мы так і зрабілі, – распавядае Барыс Калінін, начальнік аддзела арганізацыі перавозак аблаўтатранса .
Прадстаўнікі аўтавакзала і аблаўтатранса апелявалі да таго, што інфармацыю на «мове» людзі не зразумеюць. Але як прымеціў адзін з прысутных, слоў у беларускамоўнай агучцы, якія кардынальна адрозніваюцца ад рускамоўнай — няма:
— Словы «платформа», «маршрут» « адпраўляцца» – будуць зразумелыя нават таму чалавеку, які ні разу не чуў беларускую мову. Гэтыя словы зразумелыя для беларусаў, украінцаў, палякаў. Для ўсіх.
Ініцыятыўная група прапанавала агучваць на беларускай мове турыстычныя маршруты. Напрыклад, у Белавежскую пушчу. Кіраўнікі паабяцалі звярнуцца да гэтага пытання напрыканцы года. Таксама яны падтрымалі ідэю анкетавання пасажыраў аўтавакзала наконт ужывання «мовы», пасля чаго можна больш дэталёва пачаць абмяркоўваць поўную беларусізацыю аўтавакзала. Ну а мы пакуль чакаем адкрыцця будынку, якое адбудзецца 15 траўня.
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.