Памятаеце, мы пісалі пра Гарадскі сад? Дык вось зараз у нас добрыя навіны. Вясной дзякуючы кампаніі A1 на наябрэжнай Францыска Скарыны з’явіцца крутая арт-інсталяцыя, якой можна будзе не толькі радаваць свае вочы, але і выкарыстоўваць яе ў якасці адпачынку.
Так, давайце падрабязней. Што за інсталяцыя
Калі коратка, то гэта набор інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА». Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць з сябе вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу.
Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.
Асаблівасць Брэста будзе паказана праз колер інсталяцыі. Ідэя праекта грунтуецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхалам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях буйнейшага беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў краіны.
А чаму мова?
Кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзлеў кажа, што «з дапамогай арт-інсталяцый мы хацелі б падкрэсліць, што родная мова – гэта прыгожа і камфортна, а яе прысутнасць змяняе да лепшага ўсё вакол нас.
Інсталяцыя ў Брэсце размесціцца на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе падабрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў.
Блакіт палескіх балот і зеляніна рэліктавых дрэў Белавежскай пушчы, чырвань цагляных абарончых збудаванняў, чорнадымная кераміка – усё гэта не адно стагоддзе атачала жыхароў Брэстчыны, што, натуральна, паўплывала на візуальную мову рэгіёна.
І што, такая прыгажосць толькі для Брэста?
Не. Падобныя інсталяцыі з’явяцца ў кожным абласным цэнтры ў межах праекту «Веліч роднай мовы». Для кожнага горада распрацаваны розныя колеры, у залежнасці ад асаблівасці рэгіёна. Калі інсталяцыі будуць гатовыя, каля іх з’явіцца сетка бясплатнага wi-fi.
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.