«Калядны раўт» ад Zolki Band: утульны i сяброўскі канцэрт

Бинокль» апынуўся, бадай, на самым лямпавым канцэрце года і з задавальненнем вам пра гэта распавядае.


Музыку, якую граюць Zolki Band, вельмі цяжка ўвагнаць у нейкія стылістычныя рамкi. Канешне, знойдзецца горстка людзей, якiя заўсёды будуць шукаць нейкія паралелі з замежнымі гуртамі, але гэта, на наш погляд, бессэнсоўнае марнаванне часу. Лепш узяць і адзін раз паслухаць. А яшчэ лепей — пазнаёміцца з гуртом ужывую, што намі і было зроблена.

У суботу, 24 снежня, Zolki Band ладзілі незвычайны канцэрт пад назвай “Калядны раўт” — гэтакі unplugged у студыі гуказапісу «XLR», якая знаходзіцца ў будынку філармоніі. Канцэрт мусіў быць утульным, лямпавым, з сяброўскай атмасферай, i  ўсё гэта павінна было здымацца на відэа. Забягаючы наперад адзначым, што выступленне гурта прайшло на ўсе дзвесце адсоткаў.

Каля 19:00 у студыю пачалі запускаць людзей, якіх сабралося нямала, недзе каля 50 чалавек. Памяшканне было аздоблена таршэрамі і лямпамі, што надавала яшчэ большую ўтульнасць канцэрту. Прыкладна праз 10 хвілін, калі ўсе занялі свае месцы, музыкі выйшлі да публікі і пачалі граць. Ужо з першай песні Zolki Band пагрузілі людзей у акустычны транс.

Другой па ліку прагучала бадзёрая “Холадна з вамі”, пасля якой Раман (вакаліст гурта) падзякаваў усім, хто прыйшоў на канцэрт, і нагадаў пра лямпавы гук, які, без сумневу, быў вельмі якасным і надаваў канцэрту яшчэ большай камернасці.

Далей музыкі зайгралі трэк, які быў напісаны ад імя камеры відэанаглядання – “Адам”. Адразу за ім прагучала шматмоўная “Buenas Dias”, а наступную песню калектыў прысвяціў тым, каго з намі няма. Публіка шчыра дзякавала музыкам апладысментамі і пытаннямі кшталту “калі цішоткі Zolki Band можна будзе набыць у ЦУМе?”.

Потым было трошкі лірыкі, якая была прадстаўлена кампазіцыяй “Шчасце”. Адразу пасля гэтага трэка прыйшоў час для хіп-хапу з песняй “Гэты дзень”.

Прагучаў на канцэрце і жартоўны, па словах музыкаў, трэк пад назвай “Усё будзе дрэнна”. Але мы, як і гурт, ведаем, што ўсё будзе добра і, быць можа, яшчэ пры нас.

З кожнай выкананай песняй апладысменты гурту рабіліся больш упэўненымі, а Zolki Band, у сваю чаргу, дзякавалі людзям, якiя прыйшлі на выступ.

На канцэрце акрамя згаданых вышэй песень таксама можна было пачуць “Унутры сцен”, “Безразличие – гэта традыцыя”, “Песня аб самым галоўным”, “Рак” і зусім свежую “КвазіЧалавек”.

Выступ гурта праляцеў імгненна, і публіка не жадала проста так адпускаць Zolki Band, таму гурт сыграў на біс “Холадна з вамі”. Пасля канцэрту адзін з наведвальнікаў пахваліў гурт і сказаў, што ім не хапае флейты, з якой яны былі б падобнымі на Jethro Tull.

Не абышлося і без сумеснага фота з наведвальнікамі, гледачамі і проста сябрамі, якія прысутнічалі на гэтым незвычайным канцэрце.

З цвёрдай упэўненасцю можна сказаць, што “Калядны раўт” атрымаўся. Студыя “XLR” і Zolki Band стварылі цёплую і добрасуседскую атмасферу, і гэты канцэрт можа прэтэндаваць на адзін з лепшых, што адбыліся ў нашым горадзе за гэты год. Той, хто яго прапусціў, з цягам часу зможа пабачыць яго на відэа, ну а мы ў сваю чаргу хочам падзякаваць Zolki Band за якасны і ўтульны выступ. Спадзяемся, што такі фармат стане свайго рода добрай традыцыяй і працягне радаваць аматараў якаснай музыкі. 

Фотаздымкі — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: