Учора ў гатэлі «Рэнесанс» у Мінску быў аб’яўлены лаўрэат, бадай, самай галоўнай літаратурнай прэміі сучаснай Беларусі імя Ежы Гедройца. Ім стаў пісьменнік Макс Шчур за твор «Завяршыць Гештальт».
Сам аўтар не змог прысутнічаць на цырымоніі, і ўзнагароду ў 5000 еўра за яго атрымаў выдавец кнігі. Макс Шчур нарадзіўся 5 снежня 1977 года ў Брэсце.
Ён з’яўляецца аўтарам п’есы «Смерць тырана», якая была пастаўлена анархістамі. Пасля гэтага з 1998 года жыве ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычны прытулак.
Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч з раманам «Белая муха, забойца мужчын», трэцяе — аўтар кнігі «Таўсціла і лешч» Андрэй Адамовіч. Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за лепшую кнігу на беларускай мове. Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды сталі Амбасада Рэспублікі Польша ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмія носіць імя польскага пісьменніка і публіцыста, які нарадзіўся у Мінску. У сваёй культурнай дзейнасці ён быў прыхільнікам добрасуседскіх адносін паміж Польшчай, Беларуссю, Літвой і Украінай.
Год за годам прэмія падштурхоўвае насельніцтва краіны да сучаснай беларускай літаратуры, якая з кожным годам становіцца ўсё больш якаснай і цікавай для чытача.
Папярэднія пераможцы
Павел Касцюкевіч «Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту» (2012)
Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013)
Ігар Бабкоў «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014)
Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (2015)
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.