Цёплы раманс халоднай восені: рэпартаж з канцэрта Зміцера Вайцюшкевіча

Лампавы рэпорт з канцэрта Зміцера Вайцюшкевіча.


Зміцер Вайцюшкевіч у беларускай музыкі – персона культавая. Наўрад ці гэта імя шосьці скажа пакаленню Пошлай Молі, Буерака ды Пасоша. Калі выканаўца пачынаў свой творчы шлях, яно яшчэ было ў планах, як і ўсе лядовыя палацы па краіне. Вайюцешкевіч, у першую чаргу, знаемы тым, хто памятае “Рок-каранацыю”, канцэрты N.R.M. па слядох Ухцінскага і плошчу Каліноўскага.

Але сказаць, што песні музыканта аддаюць нафталінам, язык не павернецца. Гарадскі раманс – музыка інтэлігентаў, што існуе па-за часам, таму і публіка на канцэрце сабралася адпаведная. Канцэрт праводзіўся ў малай зале ДК Прафсаюзаў. Побач, у суседнім памяшканні, гралася вяселле з усімі класічнымі атрыбутамі: водарам хатніх катлет і песнямі знакамітых у 80-х гадах XX cтагоддзя ВІА. Уся гэта сітуацыя чымсьці нагадвала п’есу “Дом Культуры” са знакамітага альбому N.R.M.

На вяселле таксама жартоўна звярнуў увагу і сам выканаўца, пачаўшы выступленне са знакамітай песні на словы Уладзіміра Някляева “Гуляць дык гуляць”. Дарэчы ў зале сабралося каля 60 чалавек, добрая частка якіх прыйшла на Вайцюшкевіча ўпершыню. На першы погляд нам падалося, што публіка занадта сціплая, але тут больш падыйдзе слова «інтэлiгентная». Нікому не хацелася парушаць камернасць і ўтульнасць выступлення.

Зміцер Вайцюшкевіч – музыкант з багатым творчым бэкграундам. Удзел у гуртах Палац і Кriwi, праекце “Я нарадзіўся тут” і сольныя выступы па ўсей Еўропе адлюстроўваюць прафесіяналізм і перфекцыянісцкі падыход да працы. Напэўна, любы музыкант пацвердзіць, што адзіночныя выступленні граць цяжэй, чым з гуртом. Ёсць толькі публіка і ты з гітарай. Халтура не пройдзе – яна будзе прыкметна адразу. Вайцюшкевіч з першых акордаў даказаў, што яго песні і музыка – стопрацэнтны арыджынал, зроблены ў Беларусі.

Музыка шмат размаўляў паміж песнямі. Рабіў гэта не дзяжурнымі фразамі кшталту “Cпасибо, Брест, вы самые лучшие”, а распавядаў цікавыя гісторыі са свайго жыцця і знаёміў з працэсам нараджэння таго ці іншага твора. І калі па песнях Dzieciuki можна вывучаць гісторыю Беларусі, то па Вайцюшкевічу – творчасць беларускіх (і не толькі) паэтаў.

Выканаўца паклаў на музыку вершы такіх выбітных беларускіх пісьменнікаў, як Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч і г.д. Песні пра вечнае змяняліся песнямі пра каханне, а музыка Вайцюшкевіча ідэальна ўпісвалася ў саўндтрэк восеньскага вечара.

Здаецца, калі б на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог цвярозы сэнс, то Вайцюшкевіч стаў бы лідарам беларускай эстрады: эстрады нармальнага чалавека, а не курца. Але ў сучаснай Беларусі музыка часцяком сустракаўся з забаронамі выступленняў у розных кутках краіны. Вось так беларускамоўны гарадскі раманс можа быць больш небяспечным за расейскамоўны “блатняк”.

Але гэта ўсе лірычныя адступленні. Кульмінацыяй вечару, бадай, стала кампазіцыя “Спі мая кветачка”. Словы да яе напісалі лэмкі (усходнеславянскае насельніцтва Лэмкаўшчыны), а на беларускую мову іх пераклаў Алесь Камоцкі. Падчас выканання гэтай песні дзве дзяўчынкі ў зале падтрымалі музыканта і праспявалі разам з ім.

Канцэрт доўжыўся дзве гадзіны, і на працягу ўсяго часу не адпускала пачуцце нейкай кінематаграфічнасці таго, што адбывалася на сцэне. Выступленне Вайцюшкевіча нагадвала монаспектакль, у якім ен праз вершы беларускіх паэтаў распавядаў пра жыцце беларусаў. Гэта магло быць знаёмства двух людзей пасля працы ў кавярні, ці выпадковая сустрэча праз дваццаць год пасля развітання ў восеньскім парку. Гэта звычайны сямейны лёс, дзе беларускі мужчына трошкі падкаблучнік і гэта не так ужо і дрэнна. Гэта размовы пра вечнае і бясконцая павага да роднай маці.

Вайцюшкевіч праз свае кампазіцыі стварыў атмасферу сапраўднай і чыстай беларускасці, у якой няма месца міліцэйскім дубінкам, аўтазакам і палітычным рэпрэсіям. Навошта казаць пра тое, што з цягам часу знікне. У рэшце рэшт застанецца вечнае – Беларусь і беларусы. Зміцер Вайцюшкевіч нам пра гэта яскрава нагадаў у суботні восеньскі вечар.

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: