Берасцейскі панк-рок? Не, ня чуў!

Ну а як жа “Дай Дарогу!” з іх “ДСПГ” пра смярдзючыя сардзіны, “Цветатрон” і цяжкі лёс творчага чалавека, які вымушаны працаваць на “дзядзю”, каб зарабіць сабе на койка-месца ў нейкай панэльнай кватэры ці, на худы канец, у інтэрнаце “Дываноў Брэста”? Ну так, гэта панк. Але вельмі падобны на тое, калі табе вечарам у пятніцу вельмі хочацца выпіць бутэльку “Гінэсу”, а грошай хапае толькі на мясцовы “Портэр”. І калі гэтыя аналогіі праводзіць з музыкай – то і “Дай Дарогу!” панк-рок, і “Грын Дэй” з “Офспрынгам”, да і канадская спявачка, якая знакаміта ўсім сваім хітом “Камплікэйтэд”, таксама некалі адносіла сябе да гэтага музычнага накірунку. Канешне, панк на тое і панк, і для яго няма аніякіх межаў – ні музычных, ні ідэалагічных, ні дзяржаўных. Таму любы музычны гурт, які назавецца панк-рокавым, будзе мець права на жыццё. Але зараз гаворка пойдзе не пра такія калектывы – пра іх вы з лёгкасцю даведаецеся ў інтэрнэтах.

417-800x528

 Для тых, хто не разумее: панк – гэта больш, чым музыка. У першую чаргу – гэта супраціў, унутраны і вонкавы бунт, калі ты against all authorities, ды ўвогуле: дыктатура – аснова фашызму, анархія – матуля ладу. Дык вось, такіх гуртоў у Берасці няма і ніколі не было. Можа яны і існавалі калісьці, але ў любым выпадку, гэта была творчасць для нейкага згуртавання “сваіх” людзей.

9b34f2de3073baebe75ff622a9272947

Але гэтак нельга сказаць пра нашу Радзіму цалкам, бо Беларусь – гэта краіна суровага і некамерцыйнага панк-року ў першародным выглядзе — менавіта ў такім, у якім ён павінен існаваць. І калі ёсць краіна, то павінна быць сталіца. І гэта нават не Менск, бо дадзены горад занадта пафасны для такой музыкі, асабліва ў цяперашні час. Сталіцай беларускага панку з’яўляецца другі “захадэнскі” абласны цэнтр, у якім людзі таксама вельмі любяць Польшчу і праводзяць там свае ўік-энды, набывая танную каву, шакаладкі і сродкі для мыцця бялізны. Гэта, як вы ужо здагадаліся, – Горадня.

28-1280x768w

Менавіта тут, у гэтым прыгожым горадзе, дзе знаходзіцца філіял беларускага Хогвардсу (хоць і адносіцца ён да аднаго з дзяржаўных універсітэтаў) і бацька Нёман, дзе вабіць сваёй велічнасцю помнік Вітаўту і захапляе дух самая старажытная царква, нарадзіўся сапраўдны тутэйшы і самы што ні на ёсць беларускі панк-рок.

1281698661_361616

Усё пачалося з гурта “Deviation”, які сваю дзейнасць пачаў у толькі-толькі набыўшай суверэнітэт краіне. Стас Пачобут і каманда, напэўна, тады не ведалі, што ім давядзецца стаць культавым гуртом. Не ведаў і Стас, што з-за сваёй творчай дзейнасці ён ня зможа нармалёва зарабляць грошы на жыццё. Але ўсё стала на свае месцы, калі вакаліста гурта пасадзілі за краты на 10 сутак за песню “Міліцэйскі тэрор”. На двары стаяў 1993 год. Што адбылося далей у краіне, мы з вамі ведаем. “Deviation” працягвалі выступаць ў краіне і за яе межамі.

dg5os1t0ony

Як сапраўдныя панкі, яны не ставілі сабе аніякіх межаў ні ў музычным плане, ні ў тэкставым. На іх альбомах можна пачуць і ноткі рэггі, і павольныя акустычныя трэкі, і ўсё гэта выконвалася на трох мовах: беларускай, расейскай і польскай. За актыўную крытыку ўлады музыкам усё цяжэй і цяжэй было ладзіць канцэрты – іх забаранялі, адмаўлялі ў выступе ў самы апошні момант і нават арыштоўвалі падчас пераезду з аднаго гораду ў другі. Канцэрты “Deviation” заўсёды былі нейкім перфомансам: ні табе афішы, ні продажу квіткоў, месца і час высвятляліся ў апошні момант, а выступ заўсёды быў пад пагрозай зрыву. У такіх умовах гурт існаваў, запісваў выдатныя альбомы, стаў культавым і, бадай, самым галоўным панк-гуртом краіны. Нягледзячы на адносную папулярнасць, гурт заставаўся некамерцыйным і вельмі сумленным праектам. Апошні свой альбом калектыў выпусціў у 2009 годзе пад назвай “Чарговы дзень пад акупацыяй”, пасля чаго ўзяў перапынак на нявызначаны тэрмін.

maxresdefault

Вакаліст гурту Стас Пачобут доўгі час працаваў кавалём, пасля з’ехаў у Польшчу, дзе год жыў у знакамітым познаньскім сквоце «Розбрат». Пасля апынуўся у Санкт-Пецярбургу, дзе ў яго нарадзіліся два сыны: Тадэвуш і Севярын. Зараз ён выступае з акустыкай і запісаў 2 альбомы – апошні пад назвай “Туняядзец” выйшаў у 2015 годзе.

1-5

Прыкладна разам з “Deviation”, можа на пару гадкоў пазней, з’явіўся гурт “Кальян”. За ўсю гісторыю існавання каллектыву (прыкладна 20 гадоў) у яго складзе грала каля 30 музыкаў! Сёння “Кальян” не дае канцэртаў, і гэты гурт можна лічыць старонкай гісторыі.

2109238b384dc52093520c20f0380e5c

Нязменным чальцом “Кальяну” быў Алесь Дзянісаў, які доўгі час працаваў настаўнікам гісторыі ў школе. Гэты вопыт адбіўся на творчасці не толькі “Кальяна”, але і на наступных калектываў Дзянісава – “Людзі на балоце” і “Dzieciuki”. Апошнія імкліва набіраюць папулярнасць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі. Граюць яны бадзёры фольк-панк, разбаўляючы яго файнымі тэкстамі гістарычнай тэматыкі – гэтакі “Dropkick Murphys” мясцовага разліву. У суседняй Польшчы гурт выступае часцей, чым на Радзіме, чаму – вы і самі здагадаецеся.

1245310360_contralacontrax_028bad520d

Напрыканцы 90-х – першай палове 2000-х панк гурты ў Горадні пачынаюць расці як грыбы пасля дажджу. З’яўляюцца культавыя oi-панкі “Мister X”, “Contra La Contra” ды “Antiglobalizator”, якія гралі хуткі і бадзёры краст, ды яшчэ з жаночым вакалам. Трохі пазней пачынаюць сваю творчую дзейнасць “Bagna”, “I Hope You Die” ды «Monday Suicide», у складзе якіх граюць удзельнікі папярэдніх калектываў. Гуртоў было і ёсць вельмі шмат, каб ўсіх пералічыць, трэба рабіць асобны слоўнік. Самае галоўнае, – нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя гурты адрозніваюцца па гучанню, яны аб’яднаны адной ідэяй – ідэяй некамерцыйнасці і свабоды не толькі на словах, але і на справах. Сваёй музыкай яны даказалі, што і без грошай можна набыць папулярнасць, і туры па краінах СНД і Еўропы аб гэтым яскрава сведчаць.

Калісьці лідар гурту “Смех” у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў, што ўсе музычныя стылі памруць, застанецца толькі панк і метал. Я лічу, что застанецца толькі панк-рок, бо гэта не толькі музычны стыль, гэта яшчэ асобны напрамак ў мастацтве і нават жыцці. Гаворка не ідзе пра амаральны лад жыцця, крыкі “Хой жив!” і жабраванне на вакзалах пад падставай даехаць дадому.

1foo

Панк, у першую чаргу, – гэта акцыі “Food Not Bombs” (раздача вегетарыянскай і веганскай ежы збяднеламу насельніцтву і бяздомным), барацьба за справядлівасць і раўнапраўе пасродкам розных улётак, а таксама самвыдат і самаарганізацыя, антыфашызм і актыўная грамадзянская пазіцыя, ну і, канешне, музыка, якая аб’ядноўвае людзей усяго свету, нягледзячы на моўныя  бар’еры і дзяржаўныя межы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: