«Руская літаратура можа цярпець графамана, беларуская — не». Правілы жыцця Алеся Паплаўскага

Алесь Паплаўскі беларускі паэт і празаік. Нарадзіўся ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна. Жыве і працуе ў Берасці. Аўтар паэтычных і празаічных зборнікаў. У 2012 годзе атрымаў літаратурную прэмію «Залаты апостраф» за аповесць «Lapido», надрукаваную ў часопісе «Дзеяслоў». Упершыню прэмія выехала за межы сталіцы. У гэты раз мы перайначылі звыклы фармат кухонных размоў і выйшлі з пісьменнікам на Набярэжную, дзе паразмаўлялі аб усім на свеце. 

Паэзія. Пачатак

Карані маёй літаратурнай дзейнасці выцякаюць з дзяцінства. Тады ўсе вялі дзённікі, займаліся рыфмаванкай. Адкуль гэта да мяне прыйшло — не ведаю. Напэўна, гэта была гульня. Вершыкі былі звычайна пра прыроду: чаго яшчэ можна чакаць ад дзяцей?

Першая закаханасць стала штуршком для сур’ёзнага занятка літаратурай. У дзесятым класе я пачаў знаходзіць у кішэні паліто запіскі з прызнаннямі ў каханні. Гэта былі вершы модных у той час паэтаў Эдуарда Асадава і Сцяпана Шчыпачова. Пасля гэтага я вышукваў самых прыгожых дзяўчын у школе і марыў, што гэтыя запіскі пісалі яны.

Лёсавырашальны верш я напісаў пасля таго, як перастаў атрымоўваць запіскі. Я засумаваў і напісаў верш, а пасля — цыкл вершаў на расейскай мове. Цяпер я разумею, што зрабіў памылку: трэба было пісаць адказы і таксама класці іх у кішэню. Тады я думаў, што дзяўчына аб’явіцца сама.  

Свае вершы я адправіў у тоўсты маскоўскі часопіс і атрымаў адказ. Гэта быў 1975 год: другая эпоха, у якой панавала цэнзура. Мне даслалі ліст з абвінавачваннямі ў песімізме і смакаванні чужога болю. Прыкладна тады ж мяне не прынялі ў камсамол з-за таго, што я слухаю Высоцкага і The Beatles.

Я спаліў свой рукапіс з вершамі. Я рыхтаваўся да паступлення, і праблемы мне былі не патрэбныя. Таму я даслаў ліст у рэдакцыю часопіса з просьбай вярнуць рукапіс і знішчыў усе вершы. Булгакаў меў рацыю, калі казаў, што рукапісы не гараць. Праз нейкі час я знайшоў пару вершыкаў у сшытку.

Літаратура не ўваходзіла ў мае планы. Калі я вяртаўся з войску, то аддаў дзяўчыне цэлую падборку вайсковых вершаў толькі з-за таго, што яны ёй спадабаліся. Пасля войска працяглы час увогуле не пісаў і больш сур’ёзна займацца літаратурай пачаў позна — пасля 30 гадоў.

У Савецкім Саюзе нам навязвалі правільнасць. Нам казалі, што мы жывем у ідэальным свеце, а ўсе астатнія людзі робяць нешта няправільнае. Таму кожнаму трэба было шукаць свой шлях.

Літаратура. Працяг

У дзевяностых гадах я апынуўся сваім сярод чужыхЯ вучыўся ў расейскай школе і пісаў свае вершы на расейскай мове. На злёце маладых літаратараў я быў адзіны, хто не пісаў на беларускай мове. Менавіта там я і стварыў свой першы беларускамоўны верш.

Руская літаратура можа цярпець графамана, беларуская — не. Я зразумеў, што калі мы жывем у Беларусі, то павінны рабіць нешта сваё, адметнае, пісаць на роднай мове. І рабіць гэта не халтурна. Нашу літаратуру і так некаторыя асобы называюць калгаснай. Але гэта глупства: на беларускай мове можна выказваць любыя думкі, у тым ліку і ствараць сур’ёзныя рэчы. Абы было што сказаць.

Літаратуру правярае час. Зараз шмат беларускай паэзіі, а паэтаў мала. Уключыць сучасных аўтараў у школьную праграму — вельмі адказнае рашэнне. Да гэтага трэба падыходзіць асцярожна, бо ўсё можна сапсаваць. Найперш трэба, каб дзяржава мела зацікаўленнасць у тым, што ствараюць нашы літаратары, каб гэтыя творы былі неад’емнай часткай нашай культуры, і тады ўсё стане на свае месцы. З’явяцца літаратуразнаўцы, якія падкажуць добрых аўтараў. А зараз, як і ўсё ў нашым жыцці, па знаёмству ды па блату. Я не ўпэўнены, што прасунуць у школьныя праграмы таленавітых пісьменнікаў.

З жывымі пісьменнікамі цяжка будаваць дыялог. Як паказвае вопыт, лягчэй размаўляць з Вялікімі памерлымі пісьменнікамі… Ну, яшчэ з тымі, каго разумееш. А сапраўдны аўтар звычайна нараджаецца не ў свой час, апярэджвае яго, а таму яго часта пачынаюць разумець іншыя пакаленні. Толькі пасля ягонай смерці.

У жывым часопісе я насмяхаўся над сталічнымі творцамі, называў іх  правінцыйнымі. Літаратура робіцца не толькі ў Мінску. Яе стварае Творца незалежна ад таго, дзе жыве. Часцяком сучасныя аўтары тусуюцца ў сваіх маленькіх, камерных групоўках і імкнуцца не дапускаць чужых. І ня трэба: літаратура не ствараецца ў групоўках, творца павінен выпакутаваць яе ў сваім сэрцы, у сваёй адзіноце.

Сучасная паэзія страціла сваю СвятасцьЯна не нясе ў сабе Таямніцы, не абуджае эмоцый. Верш — гэта канструкцыя… Прылада… Скажам, ліхтар. Яго святло агаляе цемру, высвечвае дэталі, паказвае ісціну, што тоіцца за простымі рэчамі. Пры ўмове, што гэта твор мастацтва. Чытач суперажывае разам з аўтарам, адчувае тое, што і ён. Паэзія ж у паўзах, у пачуццях, якія не выкажаш словамі.

Я не люблю белыя вершы, не люблю верлібры. Я прыхільнік класічнай паэзіі. Нерыфмованых тэкстаў, на маю думку, можна стварыць шмат. Іншая справа: ці паэзія гэта? Вы паспрабуйце зарыфмаваць думку, прыдаць ёй належную форму, насыціць эмоцыямі, рытмікай, музычнасцю.

Таленавіты верш — гэта раман. Невялічкі верш варты цэлага празаічнага твора. А нерыфмованыя, так званыя паэтычныя тэксты можна ствараць і ў прозе. Што я у прынцыпе і раблю. Безумоўна, гэта імпрэсія, перажыванні, але гэта не верш. Не трэба падмяняць паняцці. Беларуская паэзія вельмі маладая. Калі пачынаць з Багдановіча — трошкі больш за сто гадоў. Нам яшчэ рыфмаваць ды рыфмаваць… Але нам раптам захацелася быць сучаснымі, пераскокнуць цераз пэўны пласт часу. Мне смешна, калі некаторыя нашыя аўтары ствараюць хоку, танка — тое, што з’яўляецца чужым, не ўласцівым для нашай культуры.

Верш — гэта згустак энергіі, падобны ядзернай бомбе. Безумоўна, ён павінен быць складаным. А як вы хацелі?

Паэту трэба вызначыцца: або ён імкнецца стаць знакамітасцю і працуе на патрэбу чытачу, або ён стварае духоўныя тэксты, не заўсёды зразумелыя суйчыннікам. Гэта рэчы не суадносныя. Ван Гог пры жыцці не прадаў ніводнай карціны, перабіваўся з вады на хлеб. Таму што ён мастак ад Бога і пра матэрыяльнае, мне здаецца, ён не думаў увогуле. Я ніколі не ставіў перад сабой мэту зарабляць літаратурай грошы. Творца не абавязаны дагаджаць, творца абавязаны ствараць. Дагаджаць я магу толькі сабе.

На сур’ёзнай літаратуры немагчыма зарабіць грошай. Сур’ёзных творцаў ніколі не ўспрымала іх пакаленне. На іх творах звычайна зарабляюць наступныя пакаленні, на жаль, пасля смерці аўтараў.

Мне блізкія па духу аўтары, пра якіх не шмат ведае шырокае кола чытачоў. Напрыклад, Бруно Шульц, Роберт Музіль, Тадэўш Бароўскі. Не так даўно я  адкрыў для сябе Вольфгана Борхэрта. Ён пражыў усяго 26 гадоў і напісаў так мала, але насколькі таленавіта. Цікавы мне і Андрэй Платонаў, і, паўтаруся, той жа  Роберт Музіль і яго раман «Чалавек без уласцівасцяў”.

Кожны аўтар мае свайго чытача. Іншая справа, што ўяўляюць сабой яго творы і што чытач хоча знайсці ў іх. Літаратура павінна мець духоўны падмурак і падштурхоўваць чалавека да росту, да руху наперад.

Беларусь. Мова

У мяне быў свой Віленскі перыяд. Там, дзе я нарадзіўся, не размаўляюць на беларускай мове. Гэта палескі дыялект, сходны больш да ўкраінскай мовы. Упершыню з беларускай мовай я сутыкнуўся і пачаў размаўляць на ёй, калі працаваў тры гады па размеркаванні ў пасёлку Катлоўка Гарадзенскай вобласці. Ён знаходзіўся якраз на мяжы з Літвой, але насельніцтва размаўляла на чысцюткай беларускай мове. Зносіны з мясцовымі людзьмі і зрабілі пэўны адбітак на маім светаўяўленні, і калі я вяртаўся на кароткі час на радзіму, то міжволі ўжываў у гаворцы беларускія словы.

Ва ўладзе зараз знаходзяцца савецкія людзі. Намі кіруюць людзі, якія нарадзіліся і выхоўваліся ў Савецкім Саюзе, але ж умовы, краіна ды час — іншыя. Самае страшнае, што іх дзеці выхаваны “па выяве і падабенству”, а таму ў большасці маладых людзей падыходы да жыцця тыя ж — саўковыя. Але час не стаіць на месцы. Безумоўна, грамадства рухаецца наперад, але для таго, каб мы сталі сучаснымі еўрапейскімі людзьмі, патрэбна яшчэ некалькі пакаленняў.

Беларусь еўрапейская краіна. Як бы нас нi цягнулі ў азіяччыну, нічога з гэтага не атрымаецца. Нягледзячы на тое, што расейцы нас доўгі час асімілявалі, беларускаць усё роўна жыве ў нашых генах. Безумоўна, мы будзем рухацца ў бок Еўропы.

Пакуль будзе жывы хоць адзін добры беларускамоўны паэт — мова наша  не знікне. Мова — першасны аргумент нашай дзяржаўнасці, але ў нас ёсць і  шмат іншых праблем, мо нават больш важнейшых за мову. Я часта бываю за мяжой і таму, як ніхто іншы, разумею, што мы цікавыя іншым народам найперш сваёй адметнай культурай. Нават калі я, чалавек без музычнай адукацыі, бяру ў рукі гітару і пачынаю спяваць свае беларускія песні, то бачу іх своеасаблівую рэакцыю. Гэта тэст. Я бачу, што людзям гэта падабаецца.

Беларусь заўсёды была вельмі далёкай да Беларусі. Да той, сапраўднай Беларусі. Да яе нам яшчэ ісці ды ісці, не кажучы ўжо пра Еўропу. Хацелася б гэта паскорыць, але ў гісторыі так не бывае: мы робім крокі, спатыкаемся, робім памылкі і ідзем да сваёй Беларусі. І вось калі мы прыйдзем, то будзем у Еўропе.

Іншы раз мне здаецца, што беларусы не хочуць быць беларусаміКалі ты ад нейкага залежыш, табе прасцей жыць. Гэта рабская псіхалогія. За цябе нехта думае, штосьці вырашае. Неяк адна мая сяброўка з Украіны сказала мне, што нас, беларусаў, трэба вадзіць за ручку, што мы, як малыя дзеці, не здольныя рухацца самастойна. Я спачатку пакрыўдзіўся, але потым зразумеў, што ў нечым яна мела рацыю. Мы жылі ў вялікай краіне, і раптам нам далі свабоду, з якой мы не ведалі, што рабіць. Нам зноў захацелася, каб за нас нешта хтосьці вырашаў.

Я адчуваю сябе беларусам. Мне не хапае беларускага асяроддзя, мастацтва. Яно знаходзіцца недзе на задворках. На першы план па-ранейшаму выходзіць усё расейскае. Адныя і тыя ж твары па тэлевізары, размовы…  Усім надакучыла гэта. Я веру, што ёсць новыя людзі, якія мысляць інакш, якіх нам проста не паказваюць.

Дазвол канцэрту на стагоддзе БНР — гэта добра. Я не веру, што гэта нейкая чарговая гульня ўлады. Асабіста я не хацеў бы ўдзельнічаць у палітычных гульнях. Для мяне БНР — гэта наша гісторыя, і тое, што пра яе пачалі казаць, — добра. Магчыма гэта нечыя гульні, ну і што? Паглядзіце: варта было даць дазвол — і колькі адразу з’явілася энтузіястаў.

У мяне таксама былі думкі, каб з’ехаць з Беларусі. Калі ты ўпіраешся ў сцяну, якую не можаш прабіць, то міжволі пачынаеш задумвацца. Чалавек нараджаецца, каб самарэалізавацца. Калі ты не можаш гэтага зрабіць у сваёй краіне — ты з’язджаеш. Рака прабівае патрэбнае русла, абыходзіць перашкоды. Так і людзі. Тое, што моладзь выязжае, — гэта кепска. Але самае кепскае, што яна не вяртаецца. Гэта трагедыя.

Мы губляем самае галоўнае — генафонд. У Літве і Славакіі моладзь ездзіць на заробкі за мяжу, але яна вяртаецца. Абзаводзіцца сем’ямі і застаецца жыць у сваёй краіне. Наша разумная моладзь з’язджае назаўсёды. Большасць з тых, хто застаецца,  прасоўваецца па службовай лесвіцы па блату. Гэта кепска.

Дзяржава павінна быць зацікаўлена ў спецыялістах, а не ў сямейных кланахНа першае месца павінна выхадзіць не грамадства, а чалавек, асоба. Мне здаецца, што 90 адсоткаў людзей займаюцца не сваёй справай, і ў гэтым наша трагедыя: і для дзяржавы, і для чалавека. Людзі не самарэалізуюцца. Для таго, каб выжыць і зарабіць на кавалак хлеба, яны павінны займацца тым, чым не падабаецца. Калі хаця б 60 адсоткаў людзей стануць займацца тым, да чаго ляжыць iх душа, да чаго яны маюць талент, сітуацыя, на мой погляд, зменіцца ў лепшы бок. Неабходна яшчэ ў дзіцячым узросце высветляць талент, творчы патэнцыял, якім надзяляе чалавека Прырода, і мець з гэтага пэўную выгаду.

Рэлігія. Бог

Людзі губляюць духоўнасць. І гэта вельмі заўважна ў апошні час. Калі выйсці на тую ж Савецкую, то можна заўважыць, што людзі не прытрымліваюцца элементарных правілаў паводзін, не саступаюць адно аднаму дарогу, паводзяць сябе па-хамску. Нехта з вялікіх сказаў: “Сапраўдны цуд не ў тым, каб лётаць у паветры, або хадзіць па вадзе. Сапраўдны цуд у тым, каб хадзіць па зямлі”. І ён меў рацыю. Такое адчуванне, што людзі не ведаюць, дзе правы, а дзе левы бок. Трэба павышаць нашу культуру. Трэба выхаваць новага чалавека.

Я больш веруючы чалавек, чым рэлігіозны. Па канфесіі я праваслаўны і ў бліжэйшы час не збіраюся змяняць рэлігію. Лічу, што Бог заўжды ў нас. Бог — гэта наша сумленне, нашы ўчынкі. А таму неабавязкова ісці ў храм, каб сустрэцца з Ім. Чым наша прырода не храм? Я часта размаўляю з Богам, калі застаюся адзін на адзін з прыродай, асабліва калі фатаграфую. Мне давялося пабыць у Ізраілі, наведаць Святую Зямлю. Прызнаюся, што ляцеў я туды як турыст, а вярнуўся як паломнік. Гэта не адно і тое ж. Можна сыходзіць у пустыні, жыць у пячорах. Гэта звыкла, гэта проста. Вы паспрабуйце заставацца Чалавекам у грамадстве, у натоўпе (напрыклад, на той жа Савецкай).

Творчасць і алкаголь

Пісаць пад алкаголем — навязванне дурноцця чытачам. Апошнім часам стала модна рабіць са звычайных алкаголікаў пакутнікаў. Маўляў, натуры яны тонкія, не знайшлі паразумення з грамадствам, не вытрымалі цяжкасцяў жыцця… Я далекі ад гэтага. Я не веру, што чалавек, залежны ад дурных звычак, можа стаць сапраўдным  паэтам. Зрэшты, паэтам можна і не быць, а вось чалавекам — неабходна.

Літаратура вучыць мяне быць чалавекам. Гісторыя памятае шмат розных прыкладаў. Былі, безумоўна, і пісьменнікі,  якія мелі пэўную залежнасць ад таго ж  алкаголя і не толькі, але стваралі яны свае творы пераважна ў перапынках. Што можа стварыць п’яніца?  Мне падабаюцца тыя ж бітнікі. Гэта была эпоха. У іх шмат можна чаго пазычыць. Хаця сам я весці такі лад жыцця не хацеў бы.

Асабіста я не змог бы нічога стварыць пад алкаголем. Зараз у беларускай літаратуры таксама паэтызуецца шэраг так званых пакутнікаў, якіх нiбыта пакрыўдзіла жыццё. Жыццю трэба радавацца, яно адзін раз нам дадзена. Карацей — я  супраць такіх падыходаў.

Алкагалізмам часцяком прыкрываюцца графаманы. Яны п’юць, нешта пішуць, але гэта не мае ніякага дачынення да літаратуры. Не трэба прымазвацца да Хэмінгуэя. Ён спачатку пісаў, а потым мог дазволіць сабе кілішак. Гэта іншая справа.

Проза

Проза была для мяне заўседы больш блізкай, чым паэзія. Проза пачалася яшчэ са школьных сачыненняў на вольную тэму. Мне заўсёды хацелася напісаць нешта сваё, і я пачынаў разважаць: аповесць складаецца, напрыклад, са ста старонак. У дзень я, няхай, напішу адну старонку, значыць, для таго, каб стварыць твор, мне патрэбна будзе сто дзён. А гэта ж не так і многа насамрэч.

Проза патрабуе часу і ўседлівасці. Некалі, па-мойму, Юліян Сямёнаў сказаў, што ў пісьменніка павінна быць чугунная задніца. Мне гэтага заўжды не хапала, я рабіў усё хутка. Да прозы трэба дарасці. Таму пісаць прозу я пачаў занадта позна: у сорак гадоў, калі набыў пэўны жыццёвы вопыт, калі з’явілася патрэба занатаваць яго на паперы.

Першая мая аповесць была пробнай. На сучасны розум, я напісаў бы нешта іншае. Карацей, гэта быў бы зусім твор. Правіць можна бясконца, а таму лягчэй напісаць новае, чым перапісваць старае. Называлася повесць «Тэрыторыя скразнякоў». Дзеянне адбывалася на гарадской звалцы, на якой я працаваў пэўны час. На маю думку, твор атрымаўся больш дзіцячым, чым філасофскім.

Больш сур’ёзнай атрымалася трэцяя аповесць «Піраміды». З ёй я доўга насіўся, адпраўляў у розныя сталічныя часопісы, але яе не друкавалі. Выйсце прыйшло з Беластоку. Мне патэлефанавала Ніна Мацяш і распавяла пра часопіс «Тэрмапілы», які выдае прафесар і літаратар Ян Чыквін. Яна прапанавала мне падабраць вершы для друку ў ім. Вершы спадабаліся, і я павінен быў даслаць іх з мінімальнымі праўкамі рэдактару. Разам з вершамі я адважыўся даслаць і сваю аповесць.

Адказу доўга не было, і я пачаў нават думаць, што аповесць не спадабалася, што празаік з мяне ніякі. Але праз чатыры-пяць месяцаў нечакана мне патэлефанавала тая ж Ніна Мацяш і сказала, што маю аповесць надрукавалі, што мне нават перадалі некалькі асобнікаў часопісу і ганарар. Адгэтуль і пачынаецца мая літаратурная справа ў прозе. Зараз я жартую, што ўвайшоў у літаратуру не праз дзверы, як астатнія тутэйшыя літаратары, а праз фортку: упершыню мяне надрукавалі ў Польшчы, і толькі пасля пачалі друкаваць у Беларусі.

Я сябраваў з Нінай Мацяш. У апошнія гады мы шмат перапісваліся, размаўлялі пра літаратуру. Захавалася пэўная перапіска, і людзі хочуць, каб я яе абнародваў. Я пакуль гэтага рабіць не збіраюся. Лічу, час для гэтага яшчэ не прыйшоў.

Чарговай была аповесць «Пастка для рэха«. Потым — “Lapido”. За яе я атрымаў прэмію «Залаты апостраф». Упершыню прэмія паехала ў правінцыю. Напрыканцы мінулага года выйшла яшчэ адна мая аповесць у «Дзеяслове». Я ганаруся гэтым, бо лічу, што часопіс друкуе самае лепшае, што ёсць у нашай сучаснай літаратуры.

Я паспрабаваў пісаць на матчынай мове. На гэта мяне падбіла пісьменніца Наталка Бабіна, якая рэдагуе ўкраінскі часопіс «Справа». Неяк яна папрасіла мяне даслаць пару фотаздымкаў, а пасля напісаць біяграфію. Я разышоўся і напісаў яе на некалькіх лістах. Потым пачаў пісаць ужо не столькі пра сябе, колькі пра тых людзей, якiя мяне атачалі і рабілі з мяне чалавека. Зараз выходзіць новы выпуск, дзе змешчаны чарговы вялікі ўрывак з аповесці, якая мае назву «Час не належыць мне».

Адзіноцтва

Я люблю адзіноту. У адзіноце я як рыба ў вадзе. Мне здаецца, што наша жыццё (ва ўсялякім выпадку для большасці з людзей)  — гэта ёсць барацьба з адзіноцтвам. Людзі баяцца гэтага стану, таму абаўляюць сябе абы чым. Рознымі нязначнымі справамі, абы толькі не быць сам-насам з сабой. Людзі пражываюць сваё жыццё ў барацьбе з самотай. Людзі пражываюць чужыя жыцці.

Чалавек нараджаецца і сыходзіць з гэта свету адзінотным. Існуе прымаўка, што калі ты адзін, то перад смерцю не будзе нават каму падаць шклянку вады. Але калі настае гэты час, высвятляецца, што піць якраз і не хочацца.

Сябе трэба рыхтаваць да адзіноты. Чалавек па сваёй прыродзе адзінотны, хаця б таму,  што мы розныя і  бачым гэты свет не так, як бачаць яго іншыя. Ніцшэ на гэты конт казаў наступнае: “Не блізасць людская гоніць мяне ў адзіноцтва, а беспрасветная далячынь адзін ад аднаго”. Самадастатковаму чалавеку не патрэбны ніхто. Ён знаходзіць паразуменне сам з сабой, жыве са сваімі думкамі і не баіцца быць у натоўпе.

Шчасце — яно не вонкавае. Шчасце зыходзіць знутры. Калі ты ў згодзе з сабой — ты шчаслівы чалавек. Адзіноцтва — мая асноўная тэма ў літаратуры, і я заўсёды буду да яе вяртацца. Я сябрую з сабой і не баюся заставацца адзін.

Берасце

Мне пашанцавала пажыць у знакавых гарадах. Гэта Полацк, Вільня, Беласток. Адметным  беларускім духам натолена і маё Берасце. Мяне часцяком пытаюцца, чаму я так люблю гуляць па крэпасці, папракаюць, што, маўляў, гэта ж могілкі. Я так не лічу. Там яшчэ застаўся дух старога горада і я адчуваю яго. У мяне ёсць шмат упадабаных мясцін. Там напісалася шмат кавалкаў з маіх аповесцяў. Я магу туды прыйсці, сесці на лаву і  медытыраваць гадзінамі, або проста глядзець на Буг.

Я стаў меньш любіць Савецкую. Яе зрабілі нейкай гламурнай, знішчылі той  першасны старажытны дух, які там панаваў. Але я па-ранейшаму  люблю прайсціся па гэтай вуліцы і атрымаць ад гэтага задавальненне. “Гарады пазнаюць па паходцы”, —казаў Музіль. Мы прывязаны да месца, дзе нарадзіліся, дзе жывем. І гэта вельмі важна для пісьменніка. Немагчыма пісаць пра горад, у якім ты не быў. Нават калі я не пішу пра Берасце, горад прысутнічае ў маім творы, як дарэчы і сам аўтар.

Сацыяльныя сеткі

Мне падабаецца жывы часопіс і я не выдаляю сваю старонку. Гэта лепшая пляцоўка для тых, каму ёсць што сказаць. Там можна змясціць шмат здымкаў. Пры жаданні — нават цэлы раман. Я вельмі шкадую, што ЖЧ адыйшоў на другі план. Я трымаю яго як трыбуну, праз якую выказваю свае думкі. У апошні час я там нічога не пішу, у мяне ёсць дзе друкавацца. Калі ўзнікне магчымасць сказаць нешта такое, што не надрукуюць, я абавязкова змяшчу гэта на сваёй старонцы.

Facebook — сацсетка, якая гаворыць аб тым, што людзі сталі лянівымі, развучыліся чытаць вялікія тэксты. Раман адышоў: ніхто з сучаснай моладзі яго чытаць не будзе. Мне здаецца, што гэта часова. У карацельках на Facebook німа ніякай будучыні. Яны не нясуць належнай ментальнай інфармацыі.

Я не вельмі люблю Facebook. Ён навязвае мне свае правілы: каго чытаць, а каго — не. Мне гэта не падабаецца. Але для мяне гэта таксама сродак зносін з сябрамі.

Я перажыў часіны, калі мне хацелася быць знакамітым. Мяне не цікавіць, што пра мяне скажуць іншыя. Я не залежны ад чужога меркавання. Я нарасціў сябе панцыр, і мяне не пераканаеш, калі я сам сябе не пераканаю. Я пазнаю гэты свет праз сваю творчасць. Калі некаму падабаецца тое, што я раблю, — я ўдзячны. Калі не — чаму я на іх павінен злавацца?

Пра Алексіевіч і Галасы утопіі

Людзі заўсёды былі людзьмі. Алексіевеіч нікому нічога не павінна. Наадварот: абураная частка грамадства павінна ёй ганарыцца, а яны пачалі заглядваць у кішэню, лічыць чужыя грошы. Гэта не этычна. Гэта гнюсна. Я ганаруся, што ў нашай краіне ёсць Нобелеўскі лаўрэат. Я ганаруся, што ў нашай краіне нарадзіўся, жыў і працаваў Быкаў. Лічыць чужыя грошы — дурная справа.

Эпоха чырвонага чалавека не скончылася. Кола не замкнулася, праблемы засталіся, як і застаўся саўковы дух. Пра гэта можна пісаць новыя кніжкі. Аднак Алексіевіч апісала цэлую эпоху. Магчыма, гэта новы від літаратуры, які пачаўся з кніжкі Брыля і Калесніка «Ніколі не забудзем». Асабіста я люблю іншую літаратуру.

Фатаграфія

Фатаграфіяй я пачаў займацца з дзяцінства. Праг эта я заўжды марыў. Тут ёсць нейкая таямніца. Спачатку мяне цікавіла тэхнічная старана, як праяўляюцца твары на паперы. Першым маім фотаапаратам была «Смена», і ён захоўваецца па сённяшні дзень.

Фотаапарат і жыццё з ім таксама мастацтва для мянеМне заўсёды хацелася маляваць, але мне гэта не дадзена прыродай. Я малюю свет з дапамогай фотаапарата. Ён дысцыплінуе мяне і прывучае бачыць свет па-іншаму.

Свет складаецца з дробязяў, і часта мы іх не заўважаем. Ёсць людзі трох катэгорый: адныя бачаць, другім трэба паказаць, а трэція ўвогуле не бачаць. Ты глядзіш у вочка фотаапарата, выхопліваеш нейкую дэталь і потым паказваеш яе  іншым. Я люблю дэталі. За простымі рэчамі тоіцца ісціна. І яе трэба ўбачыць.

Фотаапарат навучыў мяне, што кожны чалавек бачыць свет парознаму. Калі мы возьмем дзесяць чалавек, дадзім ім нармальныя фотаапараты і папросім іх зняць чалавека, то атрымаюцца 10 розных здымкаў. Тое ж самае і з творам: кожны чытае яго па-рознаму.

Фотаапарат дапамагае мне медытыраваць. Ён мой сябра і ніколі не дасць мне быць у адзіноце.

Музыка

Музыка займае важнае месца ў маім жыцці. Я нарадзіўся ў сям’і вясковага музыканта і выхоўваўся на багатай народнай музыцы. Мне блізка выказванне Верлена:  музыка найперш за ўсё.

Кліп «8 сакавіка» дэбілізм. Я разумею Шнура. Ён фактычна застаўся ў сваёй прасторы. Але навошта туды палез народны артыст Беларусі? Я не разумею.

Я слухаю розную музыку. З-за адной ноты я магу праслухаць нават папсовую песню Савічэвай, а пасля слухаць Арво Пярта. Шмат хто здзіўляецца гэтаму.

Арво Пярт дапамагае мне жыць, дакладней, выжываць. У свой час ён зрабіў рэвалюцыю ў маім светаўспрыманні. Аднойчы я паслухаў яго цыкл з дзесяці твораў «Lamentate» — рэквіем-плач па сябе. Ён напісаў гэты твор пад уплывам інсталяцыі Аніша Капуры, якая прысвечана Марсію. Інсталяцыя сімвалізуе чалавечую долю, супрацьстаянне чалавека са смерцю і пакутамі. У творы Пярта я знайшоў нешта блізкае, суадноснае са мной. Адчуў, што я стаю на той жа мяжы, займаюся гэтай жа барацьбой. Чалавек праз сум прыходзiць да іншага пачуцця. Боль ажыўляе душу.

Бліц

Віктар Марціновіч мне бліжэй па стылю, чым Альгерд Бахарэвіч.

Нас некалі вучылі, што беларуская мова як чуецца, так і пішацца. Але ж гэта няпраўда! У словах «снег», «смех» мы не пісалі мяккага знака. Таму мне больш даспадобы тарашкевіца.

У абавязковай школьнай праграме я хацеў бы бачыць Гарэцкага «Дзве Душы» і Быкава «Сотнікаў».

P.S. Той самы лёсавызначальны верш, з якога пачалася творчасць пісьменніка.


Черная ссохлась тень,
Небу открыв уста.
Время распятый день
Снимет опять с креста.
Я подавлю свой страх,
Похороню в глуши.
Я разобью о прах
Черствость больной души.
Ты как всегда права,
Света же нет без тьмы.
Надо искать слова,
Чтоб не пропасть немым.
Чтоб не войти глухим
В ступость и серость дня.
Ты и твои стихи
Пусть сохранят меня.
 

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: