Volski, Берасце, Coyote. Рэпартаж з канцэрта беларускай легенды

Рэцэпт шчаслівага беларуса мае тры складнікі: зарплата «папяццот», вакацыйныя «па дзвесце» і канцэрт Вольскага ў родным горадзе. Апошняе адбылося ў мінулую суботу. Музыка, які з узростам толькі нарошчвае свой уласны махавік, даў бескампрамісны канцэрт у Берасці. Настолькі драйвовы і моцны, што нават Фелікс Эдмундавіч стэйдждайвіў з нябёсаў, каб паглядзець, хто на яго вуліцы крычыць «Жыве Беларусь». Пра тое, як гэта было легендарна і чаму трэба грызці пазногці тым, хто прасядзеў дома на канапе,— у нашым рэпартажы.


Мік Джагер ад беларускай музыкі. Чырвонае віно, густ якога з узростам становіцца больш прывабным. Самелье-слухачы, якія каштуюць Вольскага больш за 30 гадоў, не дадуць схлусіць: музыка трымае нацыянальную марку на анты-пахабным высокім узроўні. Гэта цяжка. Заўсёды ёсць спакуса ўступіць у лужыну юбілейных канцэртаў КДБ ці ва ўдзел у днях вышыванкі ад БРСМ. У тэксце будзе шмат прыемных слоў па адной простай прычыне: Вольскі — голас як мінімум аднаго пакалення.

Без музыкі немагчыма прадставіць плошчу Каліноўскага, нацыянальна-арыентаванае застолле і ўвогуле сучасную Беларусь з яе рэпрэсіямі, бітвамі за ўраджай і выдаткаванымі пяцігодкамі. Музыка ніколі не займаў прывабнае месца флюгера: яго пазіцыя заўсёды заставалася цвёрдай, як мікашэвіцкі граніт. Першы тур па Беларусі за дзесяць год — яскравы таму прыклад. Усе разумеюць яго адноснасць. Сённяшняя свабода можа закончыцца заўтрашнімі творчымі кратамі. Хтосьці знойдзе персанальную абразу ў «Міліцыянтах і прастытутках», нехта — па дзяржаўнай метадычцы «нізкі культурны ўзровень».

Вольскі са сваім аднайменным гуртом клалі на ўсе перасцярогі той самы ляпісаўскі «Болт». Пасля феерычнага пачатку ў выглядзе «Паветранага шару» зайгралі «Міліцыянты і прастытуткі», а пасля і «Ламай сцэнар». «Грамадазнаўства» — самы жорсткі альбом у глыбокай кішэні музыкі. Пачаць з яго выступ — стратэгічны крок, маніфест свабоды і прынцыповасці поглядаў. Менавіта таму «Жыве Беларусь» ад музыкаў і публікі гучала арганічна, смела і без малейшага налёту першабытнага страху. «Coyote» у суботу ператварыўся ў запозненую афтэпаці Дня Волі.

Перанос пляцоўкі толькі паспрыяў атмасферы сяброўства і салідарнасці. Кожны куфаль піва і квадратны метр паба аддавалі легендарным «If the kids are united then we’ll never be divided» ад Sham 69. Пакаленне Мроі і N.R.M. вырасла ды займела маленькіх пераемнікаў у цішотках з «Пагоняй» на плячах.

Пры ўсёй нацыянальнай атрыбутыцы і цвёрдай грамадзянскай пазіцыі Вольскі — гэта не толькі пра палітыку. Правільней сказаць, Вольскі — таксама і пра палітыку. Дыяпазон лірыкі музыкі куды шырэй лозунгаў і агітацыонных плакатаў. Варушыць з большасці атрафіраваны беларускі нерв — справа не з лёгкіх. Але Вольскі працягвае рабіць ін’екцыі сваімі вострымі словамі для беларускай ментальнасці. «Адкуль нi ўцякай, куды нi бяжы: і там ты чужы, і тут ты чужы» — радкі, якія сталі свайго роду неафіцыйным гімнам страчаных беларусаў.

Тое ж самае і з «Фабрыкай», якая была напісана да культавага альбому «Дом культуры». Гэта трэк, які стаў свайго рода прадгісторыяй для «ТЭЦ» Петли Пристрастия. Паміж двумя песнямі прамежак у больш чым дзесяць гадоў, а за вакном тыя ж самыя ТЭЦ, фабрыка і гамон раніцай. Такі філігранны падыход да словаў і музыкі падкупляе. Халтуру бачна сразу. Тут яе няма.

Амаль цалкам забіты «Coyote» служыў таму пацверджаннем. Людзі прагаладаліся. Ім быў патрэбны «свабоды глыток». Публіка атрымала цэлую бутэльку, у якім боўтаўся кактэйль з магутнага гуку, харызматычных музыкаў і гумару Вольскага. Калі была выпіта прыкладна палавіна, людзі выбухнулі пад «Партызанскую». Рваліся кадыкі, з’язджаў з глузду голас, а ногі выконвалі месячную норму па скачкам уверх. Такога драйва і энергіі берасцейцы даўно не паказвалі.

Вольскі, як і Міхалок, можа папросту адпець 2,5 гадзіны, і ты не адчуеш у голасе стомленасці і фальшы. Калі за плячыма некалькі праектаў і больш за дзесятак альбомаў, ёсць што сказаць і спець. У тым ліку і пра каханне, якому музыка адводзіць вялікую частку сваёй творчасці. У пацверджанне прагучалі як лірычная «Маё каханне», жартаўлівая «Песні пра каханне», так і самотна-урбаністычная «Менск і Мінск».

На жаль, усё добрае хутка заканчваецца (а сумнае цягнецца больш за 18 год). Канцэрт гурта мусіў скончыцца бісам. Ён павінен быў завяршыцца гімнам беларускіх пад’ездаў, паходаў і археалагічных раскопак. Ты, канешне, здагадаўся, што  апошняй прагучалi «Тры чарапахі». Гэта быў свайго роду «лонг вершн» культавай кампазіцыі. Людзі спявалі, музыкі гралі, і нікому з гэтых старон не хацелася завяршаць свята. Канешне, як і 12 гадоў таму, гучалі знакамітыя радкі «Чаканне дастала». Гэта была феерычна. Гэта была легендарна. Гэта была тая самая гістарычная х…ня для горада.

Знакамітыя хіты Вольскага загучалі па-новаму: тлуста і смачна. Лявон — музыка, які не кансервуе сваю творчасць, а перасэнсоўвае. Куды прасцей было ўзяць з сабой акустычную гітарку і ездзіць па районных ДК са знакамітымі шлягерамі. Убраць з праграмы вострыя песні і ўпісацца ў дзяржаўны адлігаўскі фармат. Але Вольскі не такі. Ён сабраў банду з крутымі музыкамі і працягвае запісваць файныя альбомы. Працуе над тэкстам і гукам, падабаючы сапраўднаму творцу. І, канешне, працягвае спяваць пра рэфлексіі маленькага беларуса: часам маркотнага, агрэсіўнага, самотнага, але на самой справе добрага і шчырага чалавека.

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: