Антон Талашка разварушыў інтэрнэт-прастору яшчэ ў 2015 годзе. Малады хлопец з Маларыты пасля вучобы ў Гомелі вярнуўся ў родны горад і пачаў рабіць сучаснае адзенне з нацыянальным арнаментам пад брэндам «moj rodny kut». Галоўнае адрозненне ад усіх падобных кампаній — вышыўка замест звыклага прынта. Мы завіталі ў госці да майстра і паразмаўлялі пра родны горад, любімую справу, дзяцінства і сучаснасць.
Мы выходзім з маршрутоўкі і сустракаем Антона на лонгбордзе.
— Гэта ўсё ўплыў майго таварыша Валеры Маргунова — татуіроўшчыка. Год таму я паспрабаваў скейт, зразумеў, што мышцы ўжо не тыя, і таму набыў сабе лонг. Веласіпед, канешне ж, зручней, але гэта не мой від транспарту, — кажа Антон.
Творчасць
Маларыта — невялічкі горад. Пешшу яго можна прайсці за паўгадзіны. Менавіта адсюль Антон на 5 гадоў з’ехаў у Гомель.
— Адразу пасля школы я не паступіў і год працаваў разам з бацькам. Ён займаецца электрыкай, таму я і планаваў паступленне на энергетычны факультэт. У Берасці такой спецыяльнасці не было: выбар стаяў паміж Гомелем і Менскам. Абраў першы варыянт: я не вельмі люблю вялікія гарады. Дарэчы, у Гомелі жыла родная сястра матулі, таму гэта яшчэ было і зручна.
У параўнанні з еўрапейскім Берасцем Гомель падаўся Антону расейскім горадам. Асабліва яго ўразіў раён Cельмаш, дзе час застыў яшчэ з васьмідзесятых. Пасля вучобы ён быў размеркаваны ў Гомельскае праектнае бюро, але справа, якой ён пачаў займацца на 5 курсе, прывяла да пераразмеркавання ў Маларыту. Так Антон стаў выкладчыкам у мясцовым ліцэі. На той час педагагічная адукацыя за плячыма для выкладання непрофільнага прадмета была непатрэбна. Малады чалавек па сённяшні дзень сумяшчае працу ў ліцэі і творчасць.
Спачатку Антон вырабляў адзенне на матулінай машынцы. Пры дапамозе праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» атрымалася адкрыць майстэрню і набыць новую вышывальную машынку.
— На матуліным інструменце вытворчасць адной цішоткі займала 3-5 гадзін. На гэтым — ад 30 хвілін да паўтары гадзіны: залежыць ад складанасці арнаменту і колькасці колераў. Я па сённяшні дзень раблю ўсё сам, часам дапамагае жонка. Аб’ёмы невялікія: напрыклад, у краму «Князь Вітаўт» мы аддаем каля 30 адзінак адзення. Іх спакойна можна зрабіць за тыдзень. Самая вялікая замова была якраз па праекту: мы зрабілі 200 цішотак.
Разам з вышыўкай да Антона прыйшла і нацыянальная самаідэнтыфікацыя. У школе хлопец, як большасць навучэнцаў, не любіў беларускую мову і літаратуру. Усё пачалося знянацку, і з 2015 года Антон размаўляе на мове. Выключэнне — праца ў ліцэі, дзе выкладанне патрэбна весці на расейскай.
— Вельмі цяжка было пачынаць размаўляць па-беларуску. Спачатку ў мяне нават сківіцы не рухаліся. Зараз мова мне прыносіць задавальненне. Не так даўно я прачытаў «Голем» Майнрыка і Кафку. Апошняму беларускія словы дадаюць яшчэ большага смутку і абагачаюць яго выдатныя творы.
У Маларыце хоць і пануе свая гаворка, мясцовыя жыхары спакойна рэагуюць на беларускую мову. Антон таксама не прыхільнік радыкальнага моўнага падыходу: можа спакойна перайсці на расейскую і мясцовы дыялект.
На сённяшні дзень калекцыя арнаментаў Антона працягвае пашырацца. Усё пачалося з Маларыцкага строю і мясцовага цэнтру народнай творчасці, дзе не толькі захоўваюцца арыгінальныя касцюмы, але і ткуцца новыя. Зараз геаграфія майстра пашыраецца. Толькі на фотаапараце захоўваецца каля 500 фотаздымкаў з НАН і Веткаўскага музея. Часцяком людзі самі пішуць Антону з просьбай зрабіць цішотку з арнаментам таго ці іншага раёна. Ён нікому не адмаўляе і робіць без усялякіх пытанняў.
— У аснове нашага адзення ляжыць беларускі арнамент, але мы робім яго так, каб яно выглядала сучасным. Наша мэта — зрабіць адзежу зручнай, паўсядзённай. Мы не будзем рабіць касцюмы, якія ты апранеш у лепшым выпадку раз на год.
Беларускі арнамент для Антона не пусты гук. У кожным сваём інтэрв’ю ён падкрэслівае, што вышыванкі — ва Украіне. У нас — кашулі. Але ў той жа час у суседняй дзяржаве вытворчасць адзення з арнаментам стаіць куды на больш вышэйшым узроўні, чым у Беларусі.
— Ва Украіне вы не знойдзеце аднолькавых вышыванак. У кожнай краме — розныя. Іх дызайнерскія прадукты выгадна адрозніваюцца ад таго, што ёсць у нас. У Беларусі мала хто робіць нацыянальную вышыўку. Каб зрабіць гэта якасна — трэба пашукаць, знайсці. На прамысловай вытворчасці такім ніхто не займаецца. Сказалі зрабіць арнамент, узялі з інтэрнэта і выпусцілі кашулю. А тое, што гэта арнамент не беларускі, — нікога не хвалюе. Я адразу бачу, дзе нацыянальная вышыўка, а дзе, напрыклад, японская. Нават яна падобная да беларускай.
Нягледзячы на тое, што ўсё нацыянальнае зараз у трэндзе, Антон пакуль не думае пашыраць вытворчасць, як symbal.by.
— У symbal.by вельмі добры бізнес. Для папулярызацыі Беларусі яны за два гады зрабілі больш, чым уся наша апазіцыя за ўвесь час свайго існавання. Мне, напрыклад, не вельмі падабаецца займацца камерцыйнымі пытаннямі. Я творца. Мне больш даспадобы дызайнерская вышыўка. Для камерцыйных замоў трэба аддаваць увесь свой час, набіраць людзей. Калі ты робіш сам, ты ўпэўнены ў якасці. Ведаеш, што зроблена добра і на сумленне. Пра прамысловыя аб’ёмы так нельга сказаць. Кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Тым, што больш за ўсё падабаецца.
Калі ты думаеш пашырацца, то ўсё ўпіраецца ў грошы. Напрыклад, мая машынка не разлічана на прамысловыя замовы. Я працую ў ліцэі, таму магу рабіць што заўгодна, не азіраючыся на іншых. На першым месцы для мяне стаіць творчасць. Калі нешта робіцца дзеля грошай, гэта заўжды бачна. Так адбываецца з музыкай, кінематографам і таксама з адзежай.
У якасці сыравіны брэнд выкарыстоўвае лён і бавоўну. Былі спробы супрацоўнічаць са «Світанкам», але няўдзячна. Цішоткі кампаніi аднолькавага памеру атрымоўваліся заўсёды рознымі. Таму выбралі «Fruit of the loom» — самы добры тэкстыль для нанясення вышыўкі. Зараз вядуцца перамовы з брэндам «Timex», які, акрамя свайго адзення, вырабляе цішоткі на заказ.
Нягледзячы на тое, што для Антона ў прыярытэце дызайнерская вышыўка, людзі думаюць інакш. Калі адчынілася крама «Князь Вітаўт», брэнд зрабіў шмат арнаментаваных цішотак. Пасля вызначылі самыя папулярныя, і зараз пастаўляюць толькі іх. Бывае так, што чалавек прыходзіць у краму і яму патрэбны арнамент толькі на пэўным колеры.
— Людзі любяць класіку. Калі я глядзеў інтэрв’ю з заснавальнікамі «Юности», то яны казалі, што крамы па сённяшні дзень замаўляюць іх першую калекцыю. Попыт на новыя мадэлі куды ніжэйшы за класічныя. Новае заўсёды цяжка прасоўваць. Зараз мы нарэшце будзем рабіць сайт, дзе можна будзе пабачыць усе мадэлі. Таксама адзенне можна замовіць адразу ў мяне — зраблю без пытанняў.
Акрамя адзежы, Антон можа паэксперыментаваць і з іншымі відамі тканіны. Так, жанчыне з Маларыты ён вышываў ламбрыкен. Таксама была замова ад пажарнай службы на пашыў шэўронаў, але да справы так і не дайшло.
Горад
— Маларыта — маленькі горад з невялічкай колькасцю жыхароў, — кажа Антон, калі мы выходзім з майстэрні. — У 8 гадзін раніцы ён нагадвае зону адчужэння. Моладзі засталося няшмат. З кім не размаўляеш — усе хочуць з’ехаць. Гэта зразумела: у вялікім горадзе больш магчымасцяў. Калі б я нічым не займаўся, то, напэўна, таксама з’ехаў. Але ў мяне ёсць справа, якая прыносіць творчае і матэрыяльнае задавальненне, і патрэбы эміграваць няма. Абмяжоўваць сябе горадам — няправільна. У першую чаргу, важна тое, што ты робіш, а не дзе жывеш.
Антон кажа, што добрая частка горада ездзіць на працу ў Берасце. У Маларыце дзейнічае кансервавы завод. Таксама ў Хаціславе знаходзіцца цаглянае прадпрыемства. Раней там былі добрыя заробкі. Зараз завод працуе адзін раз на тыдзень.
— Людзі пабудавалі тут кватэры, якія цяпер складана прадаць. Куды цяпер з’едзеш? — распавядае Антон, і мы з ім пагаджаемся.
Доўгі час Маларыта была дастаткова шэрым горадам. Абласныя дажынкі ў 2010 годзе крыху змянілі сітуацыю. Горад стаў каляровым, у парку з’явіўся сучасны спартыўны цэнтр.
— У дзяцінстве я не быў спакойным дзіцём. Хуліганіў, як і ўсе хлопцы. Я нават сваім навучэнцам кажу, што мая цяперашняя праца ў ліцэі — справа кармы, — усміхаецца Антон, калі мы падыходзім да яго месца працы. — Раней у ліцэі навучалася 700 чалавек, зараз — 270. Як правіла, гэта моладзь з раёну і вобласці. Пасля выпуску са 120 чалавек працаваць у горадзе застаецца 15.
Акрамя ліцэя, у Маларыце ёсць музычная школа, дзе жонка Антона Аляксандра адпрацоўвае размеркаванне. Яна выкладае фотаздымак і малюнак. Нашага героя ў дзяцінстве таксама не абмінула доля музычнай школы. Але да заняткаў ён даходзіў рэдка.
— Бацькі мяне аддалі ва ўстанову па класу трамбон. Мяне гэта не вельмі цікавіла, таму ў хуткім часе я быў адлічаны. Да музыкі вярнуўся ў якасці бас-гітарыста мясцовага хэві-метал гурта «Мистерия». У нас была музычная суполка, вакол якой мы і сабралі гурт. Ініцыятарам быў вакаліст, у яго па сённяшні дзень дзейнічае гітарны клуб. Рэпетавалі мы два разы на тыдзень у музычнай школе. Былі выступы ў Баранавічах. Нас нават па тэлевізары паказвалі. Потым прыйшоў момант паступлення. Я працаваў, вучыўся, часу стала не хапаць — і прыйшлося сыйсці з гурта.
За размовай мы падыходзім да цэнтру народнай творчасці. Менавіта адсюль Антон браў свае першыя арнаменты для вышыўкі. Установа стала штуршком для справы ўсяго жыцця. У першай залі можна пабачыць арыгінальныя касцюмы, якім 150-200 гадоў. Іх сабралі падчас экспедыцыі па суседніх вёсках.
Акрамя арыгінальных касцюмаў, супрацоўнікі актыўна займаюцца ткацтвам, захоўваючы ўнікальную тэхналогію вытворчасці. Справа дае фідбэк: касцюмы пабывалі на выставах у Расеі, Польшчы, Венгрыі і нават Кітаі. Усе ахвотныя могуць набыць беларускую вопратку як у самой установе, так і на выставах. Вялікім попытам касцюмы карыстаюцца ў жыхароў Польшчы і Расеі. Беларусы праяўляюць меньшую актыўнасць.
— Калі я вучыўся ў школе, у нас была вялікая кампанія, — працягвае Антон на вуліцы. — Мы ездзілі ў Берасце амаль на кожны канцэрт ад «brestcity hardcore». Як і ва ўсякім горадзе, тут былі гопнікі. Памятаю выпадак, калі маларыцкія хлопцы пайшлі супраць навучэнцаў «хабзы». На «стрэлку» прыйшло каля 300 чалавек. Міліцыя прыехала, паглядзела і з’ехала: сілы былі няроўнымі. Раней пра Маларыту сярод берасцейцаў хадзілі чуткі, што гэта бандыцкі горад. Зараз нічога такога няма: усе злачнякі пазнікалі, а разам з імі і гопнікі.
Па дарозе ў парк Антон звяртае на зялёны драўляны дом. Тут адбываліся адныя з першых сходак БНФ. Самаго Антона палітыка ніякім чынам не чапалася. Але ён заўважае, што ў краіне дастаткова шмат праблем, якія не вырашаюцца і аддаюць нейкім абсурдам.
— Размаўляючы з людзьмі, я заўважыў, што пануючая ідэалогія не падабаецца нікому. Нават тым, хто працуе ў дзяржаўных установах. Галоўнае праблема ў людзях, што зачапіліся за свае месцы. Ідэалагічная машына выпрацоўвалася гадамі, ніхто не хоча варушыцца. Бюракратыя і варожы настрой да ўсяго новага — галоўная праблема. Напрыклад, не так даўно дзетак з гімназіі хацелі адправіць у Польшчу на нейкае мерапрыемства. Выканкам адразу гэтую ідэю ўспрыняў у штыкі.
З культурай таксама сітуацыя не лепшая: па той жа гісторыі хапае белых плям, і мы шмат чаго не ведаем. У той жа час я бачу, што моладзь у нас прагрэсіўная, еўрапейская, і гэта дае надзею, што Беларусь усе ж такі стане еўрапейскай краінай. Павольна, але мы рухаемся ў правільны бок.
У доказ сваіх слоў Антон распавядае пра свайго аднакласніка, які адкрыў тут школу бокса для дзетак. Усё будавалася на энтузіязме, ён гарэў справай. Але абыякавасць з боку мясцовых уладаў прывяла да таго, што хлопец з’ехаў у Маскву зарабляць грошы.
— У Маларыце засталося толькі тры сябры, астатнія паз’язджалі. На сённяшні дзень мой лепшы сябар — жонка. З ёй мы пазнаёміліся на майстар-класе ў Польшчы. Калі паехалі ў другі раз — былі ўжо заручоныя. Увесь свой свабодны час мы працуем, у суботу фатаграфуемся. У Маларыце, дарэчы, вельмі добра здымаць зоркі: апоўнач у горадзе паўсюдна выключаюць святло.
Гадзіннік нам падказвае, што да цягніка засталося дваццаць хвілін. Мы рухаемся ў бок чыгуначнага вакзала і просім Антона «патлумачыць» за татуіроўкі.
— Татуіроўкі мне заўжды падабаліся. Першую я зрабіў адразу пасля ўніверсітэту. Рэакцыя ў родных была рознай. Бацька вельмі складана гэта перанёс. Муж сястры майго дзеда сказаў: «Ну ты Антон і бахнуў, быццам нейкі пратэз». У бабулі таксама была цікавая рэакцыя: «У твайго дзеда быў у баку нож, але татуіровак не было». Зараз працэс нанясення крыху спаволіўся: жонцы гэта не вельмі падабаецца, але планы на новае тату ёсць.
Бліц
Апошні фільм, які спадабаўся — «Stronger» з Джейкам Джыленхолам у галоўнай ролі.
Найлепшыя беларускамоўныя гурты — Relikt, Zolki Band і Zero 85. Апошнія з Беластоку, але ўся творчасць на мове.
З беларускіх гарадоў магу вылучыць Гародню. Яна стаіць неяк паасобку і адрозніваецца ад астатніх.
Мала радзіма — месца, дзе ты нарадзіўся і вырас. Я бачу праблему, што людзі саромеюцца свайго месца народжання. Адна палова Маларыты кажа, што яна з Берасця, другая палова — з Менска. Мне здаецца, гэта яскрава паказвае нізкі культурны ўзровень нацыі.
Фото — Роман Чмель
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.