Akute, бадай, адзін з нешматлікіх беларускіх гуртоў, якія актыўна ездзяць па краіне з канцэртамі. Сапраўды, на двары не самы просты час для музыкаў – на канцэрты стала хадзіць значна меньш людзей, чым хадзіла раней. І гэта тычыцца не толькі беларускіх выканаўцаў, шмат замежных гуртоў, якія прыязджаюць у Беларусь з выступамі, у выніку не акупляюцца, і арганізатары нясуць вялікія страты. У такі складаны час могуць апусціцца рукі і адпасці ўсялякае жаданне што-небудзь рабіць. Але гэта не пра Akute. Зусім нядаўна трыа выпусціла свой чацвёрты альбом пад назвай “Płastyka”, які быў запісаны пры дапамозе краудфандынгу. Адразу пасля выхаду альбома гурт паехаў у тур, а 12 лістапада прывёз “Пластыку” ў Берасце.
Канцэрт праходзіў у клубе “City”, дзверы якога адчыніліся прыкладна ў палову сёмага. На ўваходзе можна было набыць цішоткі з лагатыпам гурта, магніты на лядоўню, плакаты, дыскі. Усё гэта прадавалася па вельмі дэмакратычных цэнніках, таму грэх было не падтрымаць гурт, набыўшы сабе штосьці на памяць.
Akutе выступалі не адны – іх падтрымліваў мясцовы гурт Zolki Band, які пачаў граць каля 19:00. Што можна сказаць пра гэтых хлопцаў? Вельмі крыўдна, што я ня чуў іх раней! Тое, што яны граюць, не паддаецца аніякім апісанням, іх трэба браць і слухаць.
Ведаеце, вельмі часта бывае, калі знаёмішся з нейкім гуртом, то на падсвядомым узроўні пачынаеш шукаць паралелі з іншымі, замежнымі прадстаўнікамі музычнага свету.
Так вось, Zolki Band граюць такое файнае і аўтэнтычнае музло, што іх ні з кім немагчыма параўнаць! Хлопцы таксама спяваюць на роднай мове, за што ім асабісты рэспект.
Гурт скончыў граць дзесьці каля васьмі, і вельмі хутка на сцэне з’явіліся героі вечару – Akute.
Вось тут трэба згадаць наконт публікі – людзей было вельмі мала, нягледзячы на сімвалічны кошт білета (8 рублеў у папярэднім продажы). Але хоць народу было і няшмат, Akute усё роўна “разварушылі гэтую дзіру”, а публіка з падзякай успрымала кожную песню.
Пачалі яны з бадзёрага “баевічку” апошняга альбому “Усё павернецца”. Дарэчы, на канцэрце прагучала амаль уся “Płastyka”, за выключэннем, мабыць, дзвюх песень.
Не забывалі Akute і пра трэкі з папярэдніх альбомаў, і ўжо праз дзве песні раздалося: “…Прабітыя наскрозь апошнім лістападам…” – гурт выконваў адзін са сваіх хітоў “Наскрозь”, які вельмі падыходзіць да цяперашняй пары года. Пасля бадзёрага пачатку прыйшоў час для лірычнай кампазіцыі, якой стала “Гаспадар” – вельмі пранікнёная і, бадай, адна з галоўных песень у апошнім альбоме гурта.
Прагучала на канцэрце і кампазіцыя “О божа мой”, якая не ўвайшла ў плытку, а стала асобным сінглам. Ужывую яна гучыць зусім па-іншаму, і такі гук мне асабіста спадабаўся. Прыемным сюрпрызам стаў баявік “CTRL” з дэбютніка “Дзевачкі і космас”, адразу пасля якога прагучаў яшчэ адзін хіт “Кроў бы вада”.
Дарэчы, трэк-ліст быў вельмі разнастайны, і можна было пачуць музычных прадстаўнікоў усіх чатырох альбомаў. На сцэне “City” прагучалі “Прамяні”, “Іголкі”, “Бегчы”, “З неба не дастаць”, “Сцены” і, канешне, трэкі з новага альбому.
Пасля таго, як была сыграна “Ціха, як мая смерць”, гурт пачаў развітвацца. Але не тут-та было. Людзі хацелі яшчэ і пачалі гэта скандаваць.
Ну і, канешне, Akute, выйшлі на “біс” з “Калі б я застаўся з табой”, без якой публіка не адпусціла бы гурт са сцэны.
Напрыканцы мушу сказаць, што нягледзячы на невялікую колькасць народу, Akute усё роўна выкладваліся на поўную моц, а публіка за гэта ім дзякавала гучнымі апладысментамі і спевамі разам з гуртом.
Спадзяюся, што ў наступны раз музыкі збяруць поўную пляцоўку, на якую ня зможа ні яблык упасці, ні камар праціснуцца. Ну а, увогуле, – вялікі дзякуй Akute і Zolki Band за вельмі файны і шчыры канцэрт – нас мала, але мы ў цішотках!
Фотаздымкі — Раман Чмель
Для отправки комментария необходимо войти на сайт.