Адshumела Берасце ў «Black City»

— Молодые люди, вход платный!

— Это ещё почему?

— У нас здесь сегодня концерт, группа выступает.

— Ааа, да ну его, пошли лучше в казино!

— Точно, пойдёмте!

Прыкладна вось такі дыялог паміж юнакамі і білецёркай давялося пачуць у першай палове выступлення гурта, які сваімі матывамі можа ўвесці ў транс нават самага скептычна настроенага чалавека. Хлопцы пайшлі зарабляць грошы и марнаваць вольны час ў казіно, а астатнія людзі вырашылі паслухаць старажытныя беларускія напевы ў стылёвай апрацоўцы.

Слухаючы гурт, здаецца, што калі б Гаспар Наэ прыехаў здымаць свой новы фільм у Беларусь і, менавіта, пра Беларусь, то Shuma стала б ідэальным саундтрэкам да такой кінастужкі. Бо гэты кактэйль з фальклору і электронікі б’е па нейронах мозга мацней, чым усялякія забароненыя рэчывы.

Канцэрт праходзіў у адносна новым «Black City Bar» і мусіў пачацца ў 19:00, але нешта пайшло не так і адбылася замінка. Можа, кагосьці гэта трохі і збіла з панталыку, але амаль усе канцэрты ніколі не пачынаюцца своечасова, таму заставалася толькі крышачку пачакаць. Што наконт людзей, то іх колькасць прыемна ўразіла, чаго нельга было сказаць пра нядаўні канцэрт Akute.

Shuma прывязлі ў Берасце свой апошні альбом пад назвай «Sonca», але акрамя яго на канцэрце прагучалі трэкі з дэбютнага альбому «Žnivo». З самага пачатку свайго выступу гурт пакрыху, маленькімі дозамі ўводзіў людзей у экстаз. Тыя, у сваю чаргу, з асалодай успрымалі голас вакалістак Русі і Надзеі і падтрымлівалі кожную песню шчырымі авацыямі ды апладысментамі.

Руся ахвотна размаўляла з залам, прызываючы людзей да розных дзенняў, кшталту плясканню у далоні і падпяванню гурту. “Зіначка”, “То-то-то”, “Ой еду я дарогаю”, “Колядо”, “Лосю”, “Рано-рано”, “Перапёлка”, “Ды гула пчолка” — гэта толькі частка таго, што было выканана ўвечары пятніцы.

Гурту ўдалося здзейсніць тое, што дагэтуль не давялося нікому іншаму:  зрабіць фолк-музыку стылёвай, моднай і даступнай для шырокага кола слухачоў пры гэтым не згубіўшы своеасаблівую аўтэнтычнасць у гучанні.

Вечар пятніцы даказаў, што берасцейцам патрэбна і цікава такая музыка не толькі з-за электронных рытмаў, але і нацыянальнага і культурнага коду, які закладзены ў тэкстах гурта. І калі вы па нейкіх прычынах прапусцілі канцэрт, то самы час узяць у бібліятэцы кніжку па міфалогіі і фальклору нашай краіны, залезці пад коўдру, уключыць Shuma і адплыць у медытатыўны свет нашых продкаў.

Фотаздымкі — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: